Тэма 1. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, яго месца ў сістэме пластычных мастацтваў.

Паняцце аб дэкаратыўным мастацтве, класіфікацыя (манументальна-дэкаратыўнае, дэкаратыўна-прыкладное, афарміцэльскае мастацтва). Сувязь з іншымі відамі пластычных мастацтваў. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і дызайн.

Дэкаратыўнае мастацтва – самая ранняя форма культуры. Адметныя рысы: адлюстраванне ўяўленняў аб структуры і арганізацыі свету, высокая змястоўнасць вобразоў, эстэтыка матэрыялаў, рацыянальнасць форм. Асаблівасці развіцця дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, абумоўленнасць узроўнем матэрыяльнай культуры (тэхналогіі), бытавым укладам, класавымі, этнічнымі і сацыяльнымі фактарамі.

Класіфікацыя відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва па практычнаму прызначэнню (тканіны, мэбля, адзенне, упрыгожванні і г.д.), па матэрыялу (метал, кераміка, дрэва, тэкстыль, лаза і г.д.), па тэхніцы выканання (разьба, роспіс, вышыўка, чаканка і г.д.).

Кампазіцыя твора дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – адлюстраванне эмацыянальна-вобразнага складу асобы. Выразныя сродкі ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве: форма, прапорцыі, рытм, колер, маштаб, сілуэт, сіметрыя, фактура, дэкор. Пабудова формы вырабу і яе сувязь з прызначэннем, канструктыўнымі і пластычнымі магчымасцямі матэрыялаў (тканіна, дрэва, метал, гліна і г.д.).