Феадальная раздробленасць. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй і набегамі татара-манголаў

Пасля смерці Усяслава Чарадзея Полацкае княства было падзелена на шэраг удзельных княстваў. У канцы ХІ – першай палове ХІІ стст. узніклі Менскае, Віцебскае, Друцкае, Лагойскае і іншыя княствы. У шасці з іх княжылі сыны Усяслава, якія вялі паміж сабой барацьбу. Такім чынам, напачатку ХІІ ст. у беларускіх землях пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці. Феадальная раздробленасць была, дарэчы, заканамерным працэсам, працэсам прагрэсіўным адносна станаўлення і наступнага развіцця беларускай дзяржаўнасці. Такія працэсы праходзілі практычна ва ўсёй Заходняй Еўропе. Самастойныя каралеўствы з феадальнымі сеньёрамі на чале з’явіліся ў Італіі, Францыі, Нямеччыне і інш.

Полацк па-ранейшаму лічыўся важнейшым палітычным і гандлёва-рамесным цэнтрам. Паступова на ролю лідэра на нашых землях пачало вылучацца Менскае княства. Менскі князь Глеб, паставіўшы мэту пашырэння межаў сваіх зямель, уступае ў супрацьстаянне з кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам.

Падчас паходу на нашы землі ў 1119 годзе Манамах захапіў Менск. У выніку гэтага горад быў далучаны да Кіеўскіх уладанняў ажно да сярэдзіны ХІІ – пачатку ХІІІ стст. Глеб Усяславіч, трапіўшы ў палон, быў вывезены ў Кіеў, дзе і памёр.

Летапісы сведчаць, што феадальную раздробленасць перажывалі ў ХІІ – ХІІІ стст. і іншыя беларускія землі. Тураўская зямля, якая набыла самастойнасць у час княжання Юрыя Яраславіча, падзялілася на Тураўскае, Пінскае, Клецкае, Слуцкае, Дубровіцкае княствы. Паступова яны трапілі пад уплыў Кіева і Галіцка-Валынскай Русі.

Усходнія землі нашай Бацькаўшчыны ў той час знаходзілся ў складзе Смаленскага княства – гэта Орша, Копысь, Крычаў, Мсціслаў і інш. Траплялі яны і пад залежнасць ад Менскага княства, а потым зноў падпарадкоўваліся Смаленску. У складзе ўладанняў чарнігаўскіх князёў былі Гомель, Чачэрск і Рэчыца. Мазырская і Брагінская землі належылі Кіеву.

У сярэднім цячэнні Заходняга Буга знаходзілася Берасцейская зямля. Яе галоўнымі гарадамі ў ХІ – ХІІ стст. былі Бярэсце, Кобрын, Камянец і інш. Спачатку яна была ў сферы ўладанняў кіеўскіх і валынскіх князёў, пэўны час (канец ХІ – сярэдзіна ХІІ стст.) – пад уладай Тураўскага княства. А ў верхнім і сярэднім Панямонні ў пачатку ХІІ ст. ўтварылася Гродзенскае княства, а потым з’явіліся і пачалі сваё развіццё гарады Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск, праз якія пралягалі гандлёвыя шляхі ў Прыбалтыку.

Навагрудскае княства, як самостойнае, ўзнікла, відавочна, пазней. Навагрудскі князь Усяслаў упершыню прыгадваецца ў летапісе толькі ў 1235 годзе.

Такім чынам, першапачатковая дзяржаўнасць, якая ўзнікла найперш у Полацкім і Тураўскім княствах, пацярпела на працягу ХІІ – пачатку ХІІІ стст. драбленне і стала свайго роду стартавай пляцоўкай для кансалідацыі ўлады і непасрэдна геаграфічных тэрыторый на больш высокім узроўні – у межах Вялікага княства Літоўскага.

Закладзеныя ў Х-ХІ стст. падмуркі самастойнасці Полацкай землі сталі перадумовай таго, што ў ХІІ ст. яна паспяхова адстойвала свае межы. У пачатку ХІІІ ст. нашы продкі сталі на абарону ўсходнееўрапейскіх інтарэсаў, уступіў у цяжкую барацьбу з крыжакамі.

Крыжовы паход германскіх рыцараў і каталіцкага духавенства спачатку быў накіраваны ў Прыбалтыку, дзе ў 1201 г. была заснавана Рыга. Рыцары-мечаносцы амаль знішчылі плямёны ліваў, пагражалі жамойтам і латгалам. Для далейшай экспансіі рыцары будавалі невялікія мураваныя крэпасці і т. чынам прасоўваліся ўверх па Западнай Дзвіне, пагражаючы Полацку.

Здарылася так, што палачане першымі з усходніх славян сутыкнуліся з крыжакамі. Атрады з Полацка і іншых гарадоў дапамагалі насельніцтву сучасных Латвіі і Эстоніі адбіваць напады рыцараў-тэўтонаў. Так, дружыны полацкага князя Уладзіміра летам 1203 года асадзілі дзве нямецкія крэпасці Гольм і Укскуль, але значнага поспеху не мелі.

У 1205 годзе рыцары сабралі вялікія сілы і накіраваліся далей на ўсход, пры гэтым яны разбуралі і знішчалі ў пажарах усё на сваім шляху. Каб спыніць пранікненне крыжакоў на свае землі, полацкі князь Уладзімір у 1206 годзе зноў асадзіў нямецкі замак Гольм, які знаходзіўся ў ніжнім цячэнні р. Даўгавы. Узяць крэпасць полацкія дружыны не змаглі.

Тым часам у 1208 годзе нямецкія рыцары асадзілі полацкі фарпост ў нізоўях Заходняй Дзвіны горад Герцыке. Абаронцы горада на чале з князем Вячкай мужна адбіваліся ад захопнікаў. Але сілы былі няроўныя. Вячка вымушаны быў спаліць горад і з дружынай у 200 чалавек пакінуў свае землі. Праз год той жа лёс напаткаў горад Герцыке.

У 1210 г. паміж рыжскім епіскапам Альбертам і полацкім князем Уладзімірам быў заключаны мірны дагавор. Паводле яго Полацк захоўваў сваё права на атрыманне даніны з ліваў. Праз два гады адбыліся новыя перагаворы. На іх крыжакі прымусілі полацкага князя адмовіцца ад Ніжняга Падзвіння, што было для Полацка цяжкай стратай. Дамовіліся яшчэ аб тым, што купцам будзе адкрыты свабодны шлях па Заходняй Дзвіне. Але рыцары парушылі пагадненне і ўварваліся ў землі эстаў.

У 1216 г. палачане сумесна з эстамі і літоўцамі рыхтаваліся да сумеснага пахода супраць крыжакоў. Аднак у дзень адпраўлення з Полацка князь Уладзімір раптоўна памёр і паход не адбыўся.

Полацк, першым з усходніх славян уступіўшы ў процістаянне з крыжакамі, саступіў ім вусце Дзвіны і некаторыя іншыя землі, аднак межы свайго княства абараніў. З цягам часу палачанамі разам з Псковам і Ноўгарадам быў утвораны сапраўдны антыкрыжацкі фронт, і рыцары не змаглі перанесці сваю экспансію на славянскія землі. Вынікам гэтых падзей стала бітва наўгародцаў на чале з князем Аляксандрам Яраславічам (Неўскім) на раке Няве ў 1240 годзе, дзе праславіўся сваёй адвагай Якаў Палачанін. А ў бітве на лёдзе Чудскага возера ў 1242 годзе Аляксандр ушчэнт разбіў войска крыжакоў. Усе гэтыя здарэнні прыпынілі рух захопнікаў у старажытнарускія землі.

Другой небяспекай для нашых продкаў гэтага перыяда былі мангола-татары. У пачатку ХІІІ ст. ў стэпах Центральнай Азіі склалася моцная мангольская дзяржава і пачалася паласа заваяванняў манголаў, якая закранула ўсю Азію і многія краіны Еўропы.

Унук заснавальніка дзяржавы Чынгісхана – Батый пачаў заваёўніцкі паход на захад. Зімой 1237 – 1238 гг. мангола-татары захапілі і разрабавалі Разань, Каломну, Маскву і Уладзімір. У бітве на раке Сіці былі разбіты аб’яднаныя сілы старажытнарускіх князёў.

У 1238 годзе захопнікі накіраваліся далей на поўнач, але не дайшлі да Ноўгарада і Смаленска і чамусьці павярнулі назад у стэпы. Ужо зімой 1239 года мангола-татары ўварваліся ў паўднёварускія землі, знішчаючы ўсё на сваім шляху.

Насельніцтва Беларусі аказалася пад вялікай пагрозай татарскага зняволення ў 1239-1240 гг., але заваёўнікі павярнулі на поўдзень. Яны прайшлі па тэрыторыі Чарнігаўскай зямлі, у склад якой уваходзілі паўднёва-усходнія раёны сучаснай Беларусі. Верагодна, тады быў знішчаны Гомель. А ў Іпацьеўскім летапісе пад 1240 годам паведамляецца аб разбурэнні Бярэсця.

Трэба адзначыць, што большая частка тэрыторыі Беларусі не зведала мангола-татарскай навалы ў 1238-1240 гг. У навукоўцаў ёсць шэраг версій на гэты конт. Адны з іх лічаць, што войска Батыя было аслаблена барацьбой з паўночна-усходнімі рускімі княствамі. Другія сцвярджаюць, што захопнікі не хацелі ісці ў беларускія лясы і балоты. Існуюць і іншыя меркаванні. Але прымальнага тлумачэння, чаму мангола-татары абмінулі нашы землі, пакуль не існуе.

У 1241 годзе мангольскае войска з цяжкімі баямі прайшло па Польшчы і левабярэжнай Венгрыі, Малдавіі, Румыніі, Славакіі, Сербіі і інш. краінам. Наступленне мангола-татараў, якое пачалося з Ніжняга Паволжжа, спынілася каля межаў Італіі. Вялікія страты прымусілі захопнікаў ў 1242 годзе павярнуць назад.

Такім чынам, як было ўжо вышэй сказана, асноўная тэрыторыя не падверглася мангола-татарскаму пагрому ў 1237 – 1241 гг. і беларускія землі пазбеглі ярма Залатой Арды. Але пагроза такога зняволення не знікла.

8. Прыняцце і распаўсюджане хрысціянства. Культура беларускіх зямель у IX-XIII стст

На развіццё культуры Беларусі ранняга сярэднявечча вялікі ўплыў аказала прыняцце хрысціянства. Яно прыйшло на тэрыторыю Беларусі з Захаду і Усходу, уводзілася мірнымі і нямірнымі сродкамі, часам паралельна, у форме двухвер’я, часам у барацьбе з старымі паганскімі вераваннямі. Хрысціянства супала па часе з зараджэннем асноў дзяржаўнасці на Полаччыне і Тураўшчыне, ідэя адзінага бога адпавядала цэнтралізацыі княжацкай улады, царква стала духоўнай асновай раннесярэднявечнай дзяржавы. У выніку хрысціянізацыі значна ўзрос міжнародны аўтарытэт Полацкага і Тураўскага княстваў. Сувязі з хрысціянскімі краінамі, перш за ўсё з Канстанціновалем, садзейнічалі развіццю рамёстваў, гандлю, а яшчэ больш культурнаму прагрэсу. Шырокі размах атрымалі мураванае дойлідства, манументальны жывапіс, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Прыняцце хрысціянства садзейнічала развіццю асветы і пісьменнасці, літаратурнай справы.

Пісьменнасць на землях Беларусі была вядома і раней, але ў больш прымітыўнай форме “чэртаў і рэзаў” і не была прыстасавана для запісу складаных тэкстаў. З Х стагоддзя пачала распаўсюджвацца кірыліца, азбука, створаная візантыйцамі, славянамі па паходжанню Кірылам і Мяфодзіем. Праз Балгарыю гэтая старажытнаславянская мова перайшла да ўсходніх славян. На ёй зроблены надпісы на пячатках полацкага князя Ізяслава канца Х ст., тураўскага князя Ізяслава Яраслававіча XI стагоддзя, так званых “Барысавых“, ”Рагвалодавых” камянях, знойдзеных на рэках Заходняя Дзвіна іДняпро, самшытавым грэбені, камнях у падмурку Полацкага Сафійскага сабора, прасліцах з археалагічных раскопак у Пінску, Віцебску, берасцяных граматах XI-XIII стст., надпісу на крыжы Лазара Богшы, якія датуецца XII ст. З грэчаскай настараславянскую перакладаліся царкоўныя кнігі.

Найбольш старажытнымі літаратурнымі помнікамі з’яўляюцца “Тураўскае евангелле” канца XI стагоддзя. Аршанскае евангелле канца XII- пач. XIII стст.. Вядома, што ў старажытным Полацку была вялікая бібліятэка, якая загінула ў час Лівонскай вайны. Да нас дайшлі толькі некалькі лістоў Полацкага евангелля канца XII стагоддзя. Кнігі пісаліся ўручную, асобым шрыфтам – “уставам” на пергаменце ў свайго рода майстэрнях – скрыпторыях. Асобныя раздзелы паддзяляліся каляровымі застаўкамі. Вокладкі рабіліся з дрэва і ўпрыгожваліся золатам і каштоўнымі камянямі. У юрыдычных дакументах таго часу – граматах полацкага князя Ізяслава, дагаворнай грамаце паміж Полацкам, Смаленскам і Рыгай, якія датуюцца пачаткам XIII стагоддзя, ужо ёсць асобныя элементы старабеларускай мовы.

Да нас дайшлі таксама і асобныя творы – “Словы”, малітвы, лісты, створаныя вядомымі асветнікамі таго часу Кірылам Тураўскім і Кліментам Смаляцічам, а таксама агіяграфічные аповесці – “Жыціе Ефрасінні Полацкай” аб аднайменнай выдатнай асветніцы, “Памяць святога айца нашага Кірыла, епіскапа Тураўскага”. Асобнае месца сярод помнікаў пісьменнасці разглядваемага перыяду займаюць Іпацьеўскі летапісны звод, які ўключае тры летапісы: “Аповесць мінулых гадоў”, Кіеўскі летапіс і Галіцка-Валынскі летапіс, і “Слова аб палку Ігаравым”, у якіх змешчаны звесткі па старажытнай гісторыі плямён і княжаств, якія існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Распаўсюджанне пісьменнасці, асветы на беларускіх землях цесна звязана з імёнамі дзеячоў культуры Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча. Ефрасіння Полацкая (Прадслава) была ўнучкай князя Усеслава Брачыслававіча (Чарадзея). Дабраахвотна выбраўшы дарогу ў манастыр, яна ўсё сваю жыццё прысвяціла асвеце, займалася перапіскай кніг, заснавала два манастыры і дзве царквы, па яе заказу ў 1161 годзе быў зроблены крыж – узор мясцовага мастацкага майстэрства.

Кірыла Тураўскі, выхадзец з заможнай сям’і, атрымаў добрую адукацыю ў Тураве. Пастрыгшыся ў манахі, ён заняўся літаратурнай дзейнасцю. Выдатнай красамоўнасцю выдзяляюцца яго восем “Слоў”(павучанняў), тры прытчы, каля 30 малітваў і некалькі канонаў.

Клімент Смаляціч таксама жыў у манастыры, дарэчы, у той час менавіта манастыры былі цэнтрамі асветы, займаўся перапіскай. У сваім лісту смаленскаму святару Фаме ён даказваў, што разумець біблію трэба з дапамогай навуковых ведаў, у прыватнасці, вывучаючы творы антычных аўтараў.

Візантыйскі ўплыў на беларускіх зямлях Х-XIII стст. Асабліва адчуваўся ў развіцці матэрыяльнай культуры: дойлідстве, дэкаратыўна-прыкладном мастацтве. У IX – XIII ст.ст. тут ужо існавала 35 гарадоў, прычым, як паказваюць раскопкі ў Бярэсці, Мінску, Наваградку,Гародні, яны ні ў чым не саступалі еўрапейскім. Напрыклад, у Бярэсці XII стагоддзя ўжо існавалі драўляныя маставыя, рыначная плошча.

Менавіта з Х стагоддзя, пасля прыняцця хрысціянства, у Русі пачынаецца будаўніцтва мураваных будынкаў. Усяго на тэрыторыі Беларусі выяўлена і даследавана 25 мураваных помнікаў культавай і грамадзянскай архітэктуры IX-XIII стст. З іх поўнасцю або часткова захаваліся невялікая частка, але па выніках раскопкаў іх фундаментаў можна вызначыць форму, тэхніку збудавання. Помнікі архітэктуры можна падзяліць на культавыя і абаронныя збудаванні. У культавых пабудовах выразна адчуваўся ўплыў Канстанцінопаля, у абарончых жа, старажытных замках – больш заходнееўрапейскі.

Як і ў Візантыі, на Беларусі пачалі будаваць храмы крыжовакупальнага тыпу. Яны былі, як правіла, выцягнутыя ў плане, з шырокім выкарыстаннем колеру для аздаблення пабудоў, керамікі, пірамідальнай формы або з адным купалам. Вядомы 13 культавых пабудоў IX-XIII стст. у Полацку, але зберагліся толькі два – Сафійскі сабор і Спаса-Прэабражэнская царква Спаса-Ефрасіньеўскага манастыра. Гэтыя культавыя пабудовы, а таксама ансамбль Бельчыцкага манастыра, Дабравешчанская царква ў Віцебску і іншыя дазваляюць выдзяліць полацкую архітэктурную школу. Для яе характэрны тэхніка муравання са схаваным радам плінф, выцягнуты падкупальны барабан. Маючы свае самабытныя рысы, полацкая школа дойлідства тым не менш абапіралася на візантыйскія традыцыя, але увядзенне пры пабудове Полацкага сафійскага сабора контрфорсаў сведчыць і аб нейкім уплыве раманскага стылю.

Другая архітэктурная школа-Гродзенская прадстаўлена перш за ўсё Ніжняй царквой у Гродне і Барысаглебскай (Каложскай) царквой. Для іх характэрны большая дэкаратыўнасць, чаргаванне кладкі з мураванымі рознакаляровымі камянымі і маёлікавымі пліткамі, наяўнасць у сценах галаснікоў для паляпшэння акустыкі. Абарончыя збудаванні гэтага перыяду прадстаўлены Камянецкай вежай, рэшткамі Навагрудскага, Лідскага замкаў. Тут ужо больш адчуваецца заходнееўрапейскі уплыў, раманскі архітэктурны стыль.

Фрэскавыя роспісі ў культавых пабудовах, перш за ўсё ў Полацкім Сафійскім саборы і Спаса-Ефрасіньеўскай царкве, напрыклад, “Невядомая святая”, “Васіль Вялікі” і інш. Даюць прадстаўленне аб манументальным жывапісу ранняга сярэднявечча, які быў асновай мастацтва таго часу. Другой формай яго былі кніжныя мініяцюры. У манументальным жывапісу, кніжнай графіцы адчуваецца моцны візантыйскі ўплыў. Гэта выражаецца ў падчэрчванні аскетызму, адсутнасці аб’ёмнасці вобразаў. Значна больш у параўнанні з выяўленчым было развіта дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У старажытным Полацку былі вядомыя больш за 60 розных відаў мастацтва.

Асабліва цікавымі з’яўляюцца ювелірныя вырабы. Шэдэўрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачатку 12 ст. з’яўляецца багата арнаментаваны крыж, створаны Лазарам Богшай па заказу Ефрасінні Полацкай.

Акрамя крыжа Лазара Богшы, месцазнаходжанне якога ў цяперашні час невядома, практычна ва ўсіх гарадах Беларусі, як паказалі археалагічныя раскопкі, знойдзены сляды залатарства і рэшткі ювелірных майстэрняў.

З залатарствам цесна звязана мастацкая апрацоўка каменю. Найбольш цікавым відам каменнай пластыкі XII-XIII стст. з’яўляюцца абразкі, якіх выраблялі з бронзы, косці і каменю. Іх знаходзілі пры раскопках ў Полацку, Мінску, Навагрудку, Ваўкавыску, Віцебску і інш. Напрыклад, зроблены з гліны абразок з выявай святых Канстанціна і Алены з Полацка аб’ядноўвае візантыйскі, раманскі і мясцовы уплывы. Выключнай рознабаковасцю вызначаюцца і іншыя вырабы з косці, каменю, зноўдзеныя у час археалагічных раскопках, у тым ліку арыгінальныя высокамастацкія шахматныя фігуркі.

Такім чынам, развіццё кніжнай справы, дойлідства, манументальнага жывапісу, кніжнай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дробнай пластыкі старажытных зямель Беларусі Х-XIII стагоддзяў адбывалася ў рэчышчы візантыйскай традыцыі з адначасовым засваеннем раманска-гаіычных рыс. Але на гэтай аснове у гэты час ужо паступова вызначалася самабытная своеасаблівая культура, характэрная, нягледзячы на наяўнасць асобных княстваў, у цэлым для регіёна зямель сучаснай Беларусі.

9. Утварэнне Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага: асноўныя падыходы і канцэпцыі. Роля беларускіх зямель ў станаўленні беларуска-літоўская дзяржавы