Сялянская гаспадарка. Формы павіннасцяў

Сялянскі двор – “дым” – гэта звычайная сям’я, радзей — некалькі сем’яў і іх уласнасць: пабудовы, жывёлу, прылады працы, зямлю, якою “дым” карыстаўся на падставе спадчыннага звычаёвага права. Дым з’яўляўся адзінкай падаткаабкладання.

Сялянская гаспадарка ў XVI ст. – гэта складаны гаспадарчы комплекс. Ен уключаў жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы – гумны, клеці, пуні, хлявы; неабходны для працы інвентар – бароны, калесы, косы, сані, сохі, сякеры і г.д. Зямля кожнай гаспадарке надавалася з боку феадала, уласніка зямлі, яна перадавалася па спадчыне. Сяляне не мелі права перадаваць зямлю ў пастаяннае ці часовае ўладанне, закладваць ці прадаваць яе іншым асобам без дазволу пана.
У сярэднім на дым прыпадала 10,6 га розных угоддзяў.

Асноўныя формы сялянскіх угоддзяў – ворыва і сенакосы. Былі яшчэ і агульныя ўгоддзі, што належылі абшчыне: выганы, сенажаці, рыбныя ловы, лясныя ўваходы.

У сялян гаспадарка мела комплексны характар: на першым месцы стаяла раслінаводства, з ім цесна звязана жывелагадоўля. Промысламі і хатнім рамеством займаліся ва ўсіх гаспадарках, але больш там, дзе панская гаспадарка развівалася больш марудна і не перайшла да стадыі фальварка (паўднева-ўсходні рэгіен).

Павіннасці сялян змяняліся па меры развіцця феадальных адносін.

Даніна – найстаражытнейшай формай феадальнай рэнты, што набыла форму натуральнага аброку. “Дзякло” – гэта даніна жытам, пшаніцай, аўсом, сенам; “мезлева” – гэта даніна мясам, яйкамі, прадуктамі бортніцтва і палявання.

Паншчына ці адпрацовачная рэнта – асноўная форма павіннасці (з XV — XVI стст.). патрабавала замацавання селяніна на зямлі, з сярэдзіны XV ст. уводзіліся заканадаўчыя абмежаванні, а ў XVI ст. сяляне запрыгоньваюцца.

Грашовы аброк шырока распаўсюдзіўся ў XV ст. – гэта чынш. Гэта было вынікам развіцця таварна-грашовых адносін, уцягваннем у іх дзяржаўных і феадальных маёнткаў.

Акрамя абавязкаў у адносінах да свайго гаспадара сяляне павінны былі таксама працаваць на карысць дзяржавы: будаваць і рамантаваць замкі, дарогі, масты ("бярэма павозавае", "падарожчына", "згоны"), удзельнічаць у зборах грошай на ваенныя патрэбы і г.д. Такія абавязкі небылі пастаяннымі і рэгламентаванымі.