Формы феадальнага землекарыстання і землеўладання

Вярхоўным уласнікам усіх зямель ВкЛ намінальна лічыўся вялікі князь. Але па сваей прыналежнасці землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя. Дзяржаўныя землі былі двух катэгорый: воласці (ворныя землі былі ў асабістым карыстанні сялян, астатнія выкарыстоўваліся калектыўна) і гаспадарскія двары (належалі непасрэдна князю, кіраваліся яго адміністрацыяй і забяспечвалі княжацкі двор і казну ўсім неабходным). Дзяржаўныя землі пераважалі на ўсходзе.

Духоўнае землеўладанне развівалася ў выглядзе ўладанняў карпаратыўных феадалаў – манастыроў, епіскапстваў, капітулаў і інш. Асабліва хутка раслі ўладанні каталіцкай царквы.

Формы феадальнага землеўладання – вотчына, купля, залог. Шляхі росту феадальнага землеўладання ў XV-XVI стст.: вялікакняжацкія падараванні, падараванні з боку буйных феадалаў васалам ці царкве, купля-продаж, залога (застава) і інш.

Правы і прывілеі феадалаў на зямлю паступова заканадаўча афармляліся (агульнадзяржаўныя прывілеі 1387, 1413, 1434, 1447 гг., Статуты ВкЛ 1529, 1566, 1588 гг.), пашыраўся падатковы і судовы імунітэт шляхты. У 1434 г. – з іх адмянілі дзякла, у 1447 г. – скасавалі дзяржаўны грашовы падатак. У 1559 г. – адменена мыта з прадукцыі шляхетскіх маенткаў, што шла на экспарт. Як вынік – замацоўваюцца эканамічныя пазіцыі феадалаў.

Але гэтае саслоўе не было аднародным: буйныя феадалы на пачатак XVI ст. складалі 19% ад агульнай колькасці землеўладальнікаў, валодалі 46,4% зямельных угоддзяў, у той час дробныя феадалы, якія валодалі не больш чым 18 валокамі зямлі, складалі ў Беларусі 81% ад калькасці саслоўя, мелі 53,6% зямельнага фонду.