Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР

З сярэдзіны 30-х гадоў міжнародны клімат значна пагоршыўся. Было відавочна, што рыхтавалася вялікая вайна. У 1938 годзе Германія справакавала Данцыгскі крызіс у адносінах з Польшчай. Урад СССР паспрабаваў дагаварыцца з Англіяй і Францыяй аб узаемадапамоге на выпадак вайны, у тым ліку дапамоге ўсім усходнееўрапейскім краінам. Але апошнія (Польшча, Чэхаславакія, Румынія) адмовіліся ад гэтай прапановы. Пад час правядзення перамоў, 22 сакавіка 1939 года немцы занялі Клайпедскую вобласць, а Літва, Латвія і Эстонія заключылі “сяброўскія” дагаворы з Германіяй. Гульні ў “кошкі – мышкі” з дэлегацыямі Англіі і Францыі не спадабаліся І.Сталіну, таму 23 жніўня 1939 года ў Маскве пасля імклівай падрыхтоўкі было заключана пагадненне з Германіяй аб ненападзе тэрмінам на 10 год. Да дагавору прыкладваліся сакрэтныя пратаколы, якія размежавалі сферы ўплыву Германіі і СССР у Еўропе. Заходняя Беларусь, але без Вільні, была аб’яўлена зонай уплыву СССР. Падпісалі дагавор і пратаколы кіраўнікі ведамстаў замежных спраў краін І.Рыбентроп і В.Молатаў.

1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу, а 3 верасня Германіі аб’явілі вайну Англія і Францыя, пачалася другая сусветная вайна. Праз два тыдні нямецкія войскі прадвінуліся да мяжы сферы ўплыву СССР – да Заходняй Беларусі. 17 верасня 1939 года быў аддадзены загад Чырвонай Арміі перайсці мяжу Польшчы і заняць Заходнюю Беларусь, узяць пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Чырваная Армія прасоўвалася хутка, амаль не сустракаючы супраціўлення. Да 25 верасня яна кантралявала ўсю тэрыторыю Беларусі.

28 верасня 1939 года зноў у Маскве быў падпісаны дагаворпаміж СССР і Германіяйаб сяброўстве і мяжы, па якой мяжа праходзіла па, так званай, “лініі Керзана”. Літва ўвайшла ў сферу ўплыву СССР. 7 кастрычніка ёй у абмен на права размясціць ваенныя базы перадалі (без ведама ўрада БССР) Вільну і частку Віленскага ваяводства. На занятай тэрыторыі адразу пачалі праводзіць мерапрыемствы па ўсталяванню савецкай улады. Але трэба было легітымізаваць далучэнне тэрыторыі праз рашэнне народа.

22 кастрычніка 1939 года адбыліся выбары прадстаўнікоў народнага сходу, які сабраўся 28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. Сход абвясціў устанаўленне савецкай улады на тэрыторыі Заходняй Беларусі, канфіскаваў памешчыцкія землі, нацыяналізаваў банкі і буйную прамысловасць. Сход прасіў ВС СССР і ВС БССР прыняць Заходнюю Беларусь у склад СССР і БССР. У адказ
2 лістапада 1939 года ВС СССР і 12 лістапада ВС БССР прынялі адпаведныя законы. Уз’яднанне беларускіх земляў было актам гістарычнай справядлівасці. Беларускі народ атрымаў магчымасць развівацца ў межах аднага дзяржаўнага ўтварэння.