Вымярэнні палітыкі

Палітыка ажыццяўляецца ў вызначаных рамках, якімі звычайна з'яўляюцца рамкі дзяржавы. Яна адрасуецца да супольнасці, утворанай жыхарамі пэўнай краіны. Такім чынам, палітыка абумоўлена пэўным шэрагам элементаў або фактараў. Натуральна, гэтыя фактары шматлікія і складаныя, яны ўздзейнічаюць у рознай ступені і залежаць ад канкрэтнай ступені.

Ш.Дэбаш і Ж.-М.Пант'е адзначаюць наступныя вымярэнні палітыкі:

- прасторавае вымярэнне (на канкрэтнай тэрыторыі);

- гістарычнае вымярэнне;

- гульнявое вымярэнне (сімвалы, тэатр і палітыка і г.д.);

- рэлігійнае вымярэнне (рэлігія і палітыка).

Палітыку можна разглядаць як навуку і мастацтва. Галоўная задача палітыкі як навукі – вызначэнне мэтаў і задач палітычнага развіцця, распрацоўка, мадэліраванне і прагназіраванне розных аспектаў палітычнай дзейнасці. Палітыка як мастацтва – гэта мастацтва кіравання дзяржаваю, мастацтва заваёвы і ўтрымання ўлады, пераўтварэння ў жыццё розных грамадскіх мэтаў і інтарэсаў. Як кажуць, палітыка – гэта мастацтва магчымага, дасягненне мэты з найменшымі выдаткамі і стратамі.