Тэма 1. Сусветная літаратура – множнасць і адзінства нацыянальных літаратур

Існуе шмат вызначэнняў паняцця “сусветная літаратура”.

1. Сусветная літаратура з’яўляецца “сумай” (“суматыўнай множнасцю”) усіх літаратур народаў свету. Гэта значыць, тэарэтычна ў сусветную літаратуру ўваходзяць усе пісьменнікі ўсіх часоў усіх народаў, якія пісалі свае творы на ўсіх мовах народаў свету. У свеце існуе 3,5 тысячы моў (па іншых падліках 2,5 / 4,5 / 6 тысяч), таму сусветная літаратура ўяўляе сабой сукупнасць усіх літаратур, створаных на гэтых мовах [умоўна можна пазначыць сімваламі: A + B + C + D + E +... = 3500 (2,5 або 4, або 6,0 тыс.)].

Калі вылучаць асобна беларускую літаратуру, яе адносіны з сусветнай (ці іншанацыянальнай) літаратурай будуць мець разнастайныя формы і віды міжлітаратурных сувязей і ўзаемадзеянняў, што разглядаецца, па вызначэнні украінскага даследчыка А.Волкава, як асаблівасць літаратурнага працэсу, яе сутнасць – у пастаяннай рэцэпцыі, узаемадзеянні і ўзаемаўзбагачэнні розных нацыянальных літаратур.

Пры параўнальным вывучэнні літаратур выкарыстоўваецца група тэрмінаў: літаратурныя сувязі / узаемадзеянні / уплывы. Ю.Ман, падагульняючы даследаванні вядомых кампаратывістаў (В.М.Жырмунскага, М.І.Конрада, І.Г.Неўпакоевай і інш.), дае наступную фармулёўку: “літаратурныя сувязі і ўплывы – адна з гал. заканамернасцей літ. працэсу, якая заключаецца ў пастаянным узаемадзеянні л-р, у засваенні (і пераадоленні) адной л-рай маст. вопыту другой”. В.М.Жырмунскі, звяртаючыся да падабенства паміж літаратурнымі з’явамі, што разглядаюцца ў міжнародных адносінах і сувязях, вылучае тыпалагічныя аналогіі (узнікаюць дзякуючы падабенству грамадскага і літаратурнага развіцця народаў) і літаратурныя сувязі і ўплывы (заснаваны на культурных і літаратурных кантактах паміж імі). Гісторыка-тыпалагічныя аналогіі і сыходжанні даследчыкі адрозніваюць ад літаратурных сувязей (Ю.Ман, А.Волкаў і інш.).

Акрамя кантактных сувязей А.Волкаў вылучае наступныя віды міжлітаратурных (кантактных) сувязей і ўзаемадзеянняў (тут і надалей мы сістэматызуем вызначэнні даследчыкаў у выглядзе табліцы):

Кантактныя сувязі сінхронныя А.Міцкевіч і А.Пушкін
  напаўсінхронныя усх. паэмы Дж.Байрана і паўдн.паэмы А.Пушкіна
  несінхронныя зварот Л.Украінкі да антычных і біблейскіх крыніц
Віды ўзаема-дзеянняў засваенне пэўнай з’явы ў арыгінале міжнародныя “вандраванні” казак, прыслоўяў, песняў; характэрнае для Сярэднявечча пашырэнне ст.-слав. рукапісаў балг., серб., стараж.-рус. зводаў
  мастацкі пераклад трансплантацыя тексту ў іншы моўна-культ. асяродак
  перапрацоўка (перапеў, адаптацыя) адзін з гал.відаў рэцэпцыі. Не мае агульнапрызнанага тлумачэння і дакладнага тэрміналагічнага вызначэння. У класіфікацыях міжліт. Узаемадзеянняў П. часам не адрозніваюць як асобны від
  запазычанні від міжліт. (узаема)адносін – успрымання, выкарыстання асобных сюжэтна-вобразных ліній і тэматычных складнікаў
  наследаванні адзін з відаў рэцэпцыі. Засваенне спосабаў маст. даследавання свету, літ.тэхнікі, асобных прыёмаў або цэлага жанрава-стылявога комплексу
  уплывы у кампаратывістыцы 19–пач.20 ст. пазбаўлены дакладнай тэрміналагізацыі выраз для пазначэння розных відаў рэцэпцыі. Навук. карэктны і патрэбны гэты тэрмін для пазначэння аднаго з гал.відаў рэцэп-цыі – шырокага (пераважна свядомага) выкарыстання агульных творчых прынцыпаў пісьменніка ці літ. школы
  аўтарскае падкрэсліванне невідавочнага ўзаемадзеяння з іншай л-рай падкрэслены аўтарскім указваннем, загалоўкамі (роднаснасцю з Шаўчэнскаўскім “Кабзаром” падкрэслены назвы зб.бел.паэтаў – “Смык беларускі”, “Дудка беларуская” і “Беларуская скрыпачка” Ф.Багушэвіча, “Скрыпка беларуская” Цёткі, “Жалейка” і “Гусляр” Я.Купалы), падзагалоўкамі, прысвячэннямі, эпіграфамі і інш.

 

Параўнальнае вывучэнне літаратурнай класікі народаў свету з’яўляецца асноўным аб’ектам разгляду ў дапаможніку. Параўнанне (параўнальны метад як адзін з навуковых метадаў) дазваляе канкрэтызаваць віды і формы сувязей і ўзаемадзеянняў. Міжлітаратурныя сувязі і ўзаемадзеянні / літаратурныя сувязі і ўплывы, а таксама тыпалагічныя аналогіі з’яўляюцца аб’ектам параўнальнага літаратуразнаўства. Называючы спосабы параўнальнага даследавання літаратур, А.Волкаў дае ім адметныя вызначэнні. Згодна з традыцыяй, ён адрознівае гісторыка-генетычны, кантактны і тыпалагічны падыходы:

 

Гісторыка-генетычны метад (падыход) Першае тлумачэнне феноменаў міжэтнічных падабенстваў было распачата ў параўнальна-гістарычным мовазнаўстве, што экстрапаліравана ў фалькларыстыку, дзе міфалагічная школа вылучыла першую разгорнутую кампаратывісцкую тэорыю→ Перанясенне гэтага погляду ў літ.-знаўства нарадзіла гіст.-генетычны метад (падыход) → Агульнасць і падабенства тлумачацца паходжаннем з прадаўняй моўнай, рэліг., культ., фалькл. Агульнасці, а адрозненні – пазнейшымі разыходжаннямі
Кантактны падыход Другое тлумачэнне прапанавала ў 1870–90-х гг. міграцыйная школа на падставе зноў-такі фальклору, а таксама сяр.-вечнай пісьмовасці → → Агульнасць і падабенства вызначаюцца міжэтнічнымі “ўплывамі”, г.зн. кантактамі і ўзаемадзеяннем
Тыпалагі-чны пады-ход Трэцяе тлумачэнне, якое дадзена ў 1870–90-х гг. прадстаўнікамі антрапалагічнай школы ў этнаграфіі і фалькларыстыцы вызначаецца наступным сцверджаннем → Перанясенне гэтага пастулата ў літ.-знаўчую кампаратывістыку дала тыпалагічны падыход → Падабенства культурных з’яў у жыцці розных этнасаў – вынік самастойнага (ўзнікнення) паходжання на падобных стадыях грамадскага і культ. развіцця

 

Французскія даследчыкі П.Брунэль, К.Пішуа, А.-М.Русо ў кнізе “Што такое параўнальнае літаратуразнаўства?” (1983 г., бел. пераклад 1996 г.) вылучаюць наступныя віды міжнародных літаратурных сувязей, якія з’яўляюцца актуальнымі праблемамі кампаратывістыкі:

– моўнае пытанне;

– людзі і іх сведчанні (роля падарожнікаў і падарожжаў, краін і гарадоў, навучальных устаноў);

– літаратурныя крыніцы (друкаваная літаратура, пераклады і адаптацыі, азнаямленчыя творы);

– лёс твору і ягоны поспех: уплывы і вытокі;

– нацыянальныя вобразы і псіхалогія народаў;

У параўнальным аспекце ў названай кнізе даследуюцца гісторыя ідэй, рэфлексія над літаратурай, тэматыка і тэматалогія (вывучэнне літаратурных міфаў, матываў, тэм); паэтыка (літаратурная марфалогія, нязменныя структуры і асаблівыя варыянты).

 

Калі беларускую літаратуру разглядаць адасоблена ад іншанацыянальных літаратур у кантэксце сусветнай, можна акрэсліць наступныя ўзроўні сувязей, якія яна мае з іншымі літаратурамі:

А. Самы высокі і найбольш трывалы ўзровень развіцця сувязей існуе паміж беларускай літаратурай і літаратурамі, якія звязаны з ёй у межах агульнага або блізкага культурна-гістарычнага тыпу (апора на хрысціянства, на народныя традыцыі, на блізкасць геаграфічнага становішча, гістарычны лёс): беларуска-рускія, беларуска-польскія, …-украінскія, …-балгарскія … літаратурныя стасункі.

Б. Другую групу ўзаемасувязей вылучаем на падставе пашырэння ў нацыянальнай культуры «залатога фонду» сусветнай класікі: пераважна італьянскай, англійскай, французскай, нямецкай літаратур. Аб'ектыўна ў нацыянальным літаратурным працэсе яны прадстаўлены ў значнай ступені, у той час як беларуская літаратура займае ў гэтых літаратурах непараўнана меншае месца. Менавіта з гэтымі літаратурамі звязваюцца паняцці Адраджэння і Асветніцтва, а таксама класіцызму ў Беларусі.

В. Трэцяя група вылучаецца на аснове сувязей паміж літаратурамі, што маюць блізкі свайму гісторыка-культурнаму лёсу ўзровень развіцця, але не знаходзяцца сярод «вялікіх», «класічных» літаратур. Гэтыя стасункі маюць «адзінкавы» характар: пэўнай сістэмы ў перайманні здабыткаў іншанацыянальнай культуры тут не заўважаецца. Здаецца, гэта пераважна кантактныя прыклады ўзаемадачыненняў. Але больш глыбокае іх вывучэнне дазваляе сцвярджаць аб наяўнасці значных тыпалагічных сыходжанняў паміж гэтымі літаратурамі, што набліжае Беларусь да той ці іншай краіны свету.

Г. Чацвёртую групу прадстаўляюць прыклады аднабаковага пераймання класічнай літаратурнай спадчыны, якая створана на «мёртвых» мовах: санскрыце, старажытнагрэчаскай, латыні, правансальскай і інш. Класічная літаратура на «мёртвых мовах» пачынае актыўна ўваходзіць у беларускі кантэкст у сувязі з гуманістычнай, асветніцкай дзейнасцю творцаў культуры, якія адраджаюць традыцыі, вядомыя з глыбокай старажытнасці.

Д. Варта вылучыць літаратуры на нацыянальных мовах, якія не маюць ніякіх сувязей з беларускай літаратурай або яны не зафіксаваныя (напрыклад, з творамі на мове зулу). Іх можна пазначыць як «мінус-сувязі» (калі адштурхоўвацца ад тэрміна Ю.Лотмана «мінус-прыём»). У дадзеным выпадку «мінус-сувязі» сведчаць аб неабходнасці наладжваць двухбаковыя кантакты паміж творцамі, асэнсоўваць прычыны і наступствы іх адсутнасці.

Характар узаемадзеяння нацыянальных літаратур у межах сусветнай літаратуры можна вызначыць таксама праз іерархію мастацкіх твораў і пісьменнікаў. Паміж нацыянальнымі літаратурамі існуюць розныявіды сувязей. У дадзеным выпадку – кантактныя, якія сведчаць аб наяўнасці адна-/ двух- / шматбаковых кантактаў паміж дзеячамі культуры, што знаходзіць сваё адлюстраванне ў перакладной літаратуры, прысвячэннях, запазычаннях з іншых літаратур і г.д.

 

2. Паняцце “сусветная літаратура” разглядаецца і як цэласнасць, сістэма або адзінства нацыянальных літаратур: умоўна можна пазначыць сімваламі: “A х B х C х D х E х ... = Z”. Гэта значыць, у межах сусветнай літаратуры (“Z”, як прынцыпова іншага, новага стварэння ў адрозненне ад простай сукупнасці) прысутнічаюць з’явы, якія можна вылучыць толькі пры ўзаемадзеянні нацыянальных літаратур між сабой, ва ўмовах іх існавання ў межах агульнага цэлага пры параўнальным іх вывучэнні. Сістэме як адзінаму цэламу, згодна з канцэпцыяй сістэмнага падыходу як агульнанавуковай метадалагічнай парадыгмы, уласцівы прыкметы эмерджэнтнасці або цэласнасці. Апошнія выяўляюцца менавіта ў межах сістэмы, узбагачаючы кожны з яе элементаў адзнакамі, якіх гэтыя складнікі не мелі па-за яе межамі.

А. Сярод з’яў цэласнасці можна вылучыць вандроўныя (традыцыйныя, класічныя) сюжэты, скразныя матывы, вечныя вобразы (архетыпы), такія адзнакі сістэмнасці як метатэкст, звыштэкст, інтэртэкст і інш.

Б. Сведчаннем сістэмнага характару сусветнай літаратуры з’яўляюцца тыпалагічныя сыходжанні – падабенствы, якія выяўляюцца ў двух ці больш творах (сюжэтах, вобразах) і якія ўзніклі незалежна адзін ад аднаго (па прычыне агульнасці гістарычнага лёсу або падзей, наяўнасці агульначалавечых праблем, аднолькавых поглядаў на чалавека і свет і г.д.).

В. Адзнакай цэласнасці сусветнай літаратуры служыць і наяўнасць літаратурнай класікі. Гэты тэрмін абазначае найвышэйшы ўзровень развіцця славеснасці, што мае агульначалавечае, “вечнае” значэнне. Тэрмін “класіка” ўвёў ва ўжытак англа-амерыканскі пісьменнік Т.С.Эліят, звяртаючыся да Таварыства Вергілія, створанага пры Лонданскім універсітэце ў 1944 г. Вылучым некалькі актуальных напрамкаў вывучэння літаратурнай класікі:

1) літаратурная класіка як парадыгма-ўзор, крытэрый дасканаласці, мастацкасці для далейшага развіцця літаратуры;

2) класіка як правакацыя для актывізацыі пошукаў у кірунках “традыцыйнае – наватарскае”;

3) “новае жыццё” (па назве твора Дантэ) класікі ў іншанацыянальным гісторыка-культурным кантэксце, у прасторы другой культурнай сітуацыі;

4) класіка ў постмадэрнісцкім дыскурсе, дзе “усё ўжо сказана, і няма нічога новага”.

Класіка разглядаецца ў дапаможніку як своеасаблівы вектар у дачыненні да лінейнага, храналагічнага развіцця літаратуры, паколькі класічны твор, застаючыся стварэннем свайго часу, выходзіць адначасова за яго межы і ўдзельнічае ў літаратурным працэсе іншых стагоддзяў. У адносінах да ўласна нацыянальнай літаратуры, такі твор таксама набывае шматвектарнае вымярэнне, застаючыся ўзорам у нацыянальным літаратурным працэсе, разам з тым выходзячы за яго межы свайго часу і прасторы.