Вандроўныя сюжэты

Сюжэт як складнік мастацкага цэлага займае сваё месца на ўзроўні змястоўна-фармальнай арганізацыі твора. Таму даследаванні сюжэта звычайна звязаны непасрэдна з мастацкім творам і іншымі яго складнікамі: вывучаецца сюжэт і кампазіцыя, сюжэт і праблематыка, сюжэт і сістэма вобразаў і г.д. Пры параўнальным аналізе сюжэт набывае “дадатковыя” параметры: выяўляецца яго трансфармацыя ў часе і ў прасторы іншых эпох і літаратур (трансфармацыя сюжэта пра Сігурда – Зігфрыда ў “Старэйшай Эдзе” як помніку скандынаўскай эпічнай паэзіі і ў нямецкім гераічным эпасе “Песня пра нібелунгаў”, сюжэтаў пра Энея, пра Трыстана і Ізольду і інш.). Сюжэт становіцца “вандроўным”.

Вандроўны сюжэт (традыцыйны, класічны сюжэт, вобразы) – сюжэтная формула, схема, “суматыўная множнасць” скразных матываў, што пераходзяць з адной эпохі ў другую, з адной нацыянальнай літаратуры ў іншую. Вандроўны сюжэт складаецца з сукупнасці (множнасці) асобных матываў (іх можна фармалізаваць складнікамі “Х1 хХ2 хХ3 хХ4х....) і выступае як іх вынік. Для яго фармалізаванай рэпрэзентацыі выкарыстаем поўны граф, дзе кожны літаратурны матыў (вобраз) выступае ў сувязі з іншымі, дзе ўсе матывы (вобразы) непасрэдна звязаны адзін з адным і залежаць адзін ад аднаго.

 

 
 

 


 

Адзін з распаўсюджаных вандроўных сюжэтаў – сюжэт пра краіну вечнай маладосці і неўміручасці – можна даследаваць на прыкладах, якія прадстаўляюць крайнія кропкі сусветнай цывілізацыі (у часе і ў прасторы): старажытныя літаратуры – Захад: ірландская фантастычная сага “Плаванне Брана, сына Фебала”, Блізкі Усход: Эпас пра Гільгамеша, Далёкі Усход: японская чарадзейная казка “Урасіма Таро”, сучасную літаратуру – апавяданне амерыканскага пісьменніка Эрнеста Хемінгуэя “Індзейскі пасёлак”, камедыя Кандрата Крапівы “Брама неўміручасці” і літаратурная казка Змітрака Бядулі “Сярэбраная табакерка”.