Як аб’ект параўнальнага аналізу

 

Літаратурныя рухі, кірункі, плыні, школы – літаратуразнаўчыя паняцці, з дапамогай якіх пазначаюць вялікае кола пісьменнікаў, аб’яднаных пэўнымі агульнасцямі: у светапоглядзе, звароце да той ці іншай тэматыкі, выбары жанраў, асаблівасцях творчага стылю і інш. Традыцыйна літаратурныя кірункі вылучаюць, пачынаючы з ХУІІ ст.: барока, класіцызм. Даследуючы гісторыю літаратуры, адрозніваюць і спецыфічную з’яву – Асветніцтва – ідэйна-культурны рух ХУІІІ ст., у рэчышчы якога развіваецца шэраг кірункаў – асветніцкі класіцызм, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм. З традыцыйным паняццем “кірунак” суадносяцца паняцці “літаратурныя агульнасці” і “літаратурныя сістэмы”: у ХІХ–ХХ стст. рамантызм і рэалізм, а таксама мадэрнізм, у якім існуе цэлы шэраг плыняў і школ. Першымі ж літаратурнымі кірункамі (напрамкамі) у сусветнай літаратуры з’яўляюцца барока і класіцызм.