Беларускія і японскія казкі

Адзін з самых пашыраных фальклорных жанраў – казка. Гэты старажытны жанр змяшчае ў сябе найперш тое трывалае, наднацыянальнае і пазачасавае, што звязана з адлюстраванннем у казцы агульначалавечых з’яў. Разам з тым у казках з’яўляюцца новыя паняцці, звязаныя з сацыяльным расслаеннем грамадства, з фарміраваннем нацыянальных асаблівасцей. Параўнальны аналіз беларускіх і японскіх казак дазваляе вылучыць тое трывалае, што аб’ядноўвае творы двух народаў, а таксама зафіксаваць сацыяльныя, нацыянальныя прыкметы, што адрозніваюць іх.

1) Агульнымі для беларускага і японскага народаў з’яўляюцца жывёлы, якія пашыраны ва ўсім свеце: сабака, воўк, ліса, мядзведзь, заяц, жораў, крумкач, сава, вераб’і, мышы, павукі і інш. Але пэўныя прадстаўнікі фаўны сустракаюцца ў эпасе народаў менавіта ў якасці прадстаўнікоў свайго асяроддзя. Так, для японцаў малпа, чарапаха, мядуза – «этнічныя» насельнікі радзімы. У той жа час гэтыя звяры ёсць і ў беларускіх казках – у тым выпадку, калі герой трапляе ў далёкія землі, прайшоўшы праз мора і горы, адолеўшы шматлікія перашкоды («Чаму леў уцёк з нашай стараны?» – казка, змест якой не толькі павучальны, але надзвычай актуальны, запісана М.Федароўскім у канцы ХІХ ст.).

Акрамя рэальна існуючых жывёл ёсць пэўная колькасць міфалагічных і фальклорных істот, што дажылі ў мастацкай свядомасці да нашых дзён, у той час, калі шматлікія іншыя жывёлы, якія існавалі раней, вымерлі. Вадзянік – з шэрага такіх істот. У народнай творчасці беларусаў вадзянік – уладар вадаёмаў. Яго ўяўлялі ў вобразе старога з доўгімі валасамі зялёнага колеру, ён увесь у ціне і водарасцях. Вобраз вадзяніка шырока вядомы ў фальклоры і ў літаратуры. Прычым, фальклорны вадзянік з’яўляецца марскім царом (у чарадзейных казках). У японцаў тыпалагічна падобны вадзяніку беларускіх казак гаспадар віра – жахлівы змей або дракон, які з’ядае людзей. У казцы «Верныя сябры» рыба ўюн уратавала дзяўчынку ад смерці. У другой казцы («Грушы нара») жахлівы змей, які паяўляецца з глыбіні, ураз праглынае сваю ахвяру, але яго забівае адважны малодшы сын.

У японскіх казках ёсць і невядомыя беларусам тэнгу – крылатая пачвара са смешным доўгім носам («Веер тэнгу»), антрапаморфная пачвара – манах-велікан з трыма вачыма, двума клыкамі і адной нагой («Бязвокая пачвара»). Гэтаксама японцы не ведаюць уласна беларускіх пачвар ці незвычайных істот: меднае чудавішча (з аднайменнай казкі, запісанай Е.Раманавым у канцы ХІХ ст. у Чавускім павеце), Оха («Пра Оха і залатую табакерку») і інш.

Чэрці вядомы ў японцаў і ў беларусаў. Яны шкодзяць чалавеку, рабуюць яго, маюць шмат скарбаў, ладзяць гулянкі (японскія казкі «Маматаро», «Чортава смала», беларускія «Падчарыца і чорт», «Чорт і баба, «Чорт-злодзей», «Паляшук і чорт», «Чортава балота» і інш.). Але чалавек разумнейшы, хітрэйшы за чорта, якога ён перамагае даволі часта з дапамогай верных сяброў-звяроў (японская «Як чэрці старога вылячылі», беларускія «Як Іван чарцей перахітрыў», «Як мельнік чорта надуваў»).

2) Асобным аб’ектам параўнальнага вывучэння казак з’яўляецца іх сюжэт, напрыклад, сюжэт пра характэрную прыкмету звера, птушкі, іншай істоты. Японскія казкі тлумачаць, чаму мядуза мае характэрнае для яе аблічча. «… У тыя далёкія часы мядуза была зусім не такой, як сёння. Былі ў яе і косці, і дужыя лапы, і магла яна не толькі плаваць, але і па зямлі поўзаць, як чарапаха» («Мядуза і малпа”). Беларускія казкі маюць тыпалагічна падобныя сюжэты. «Ці ведаеце, скуль узяўся мядзведзь? Мядзведзь перш быў такі-ж самы мужык, як і ўсе мы гарапашнікі» («Мядзведзь» са зборніка А.Сержпутоўскага). Казка ўяўляецца надзвычай архаічнай, таму што ў ёй апавядаецца не столькі пра пэўныя асаблівасці вонкавага выгляду жывых істот, колькі пра паходжанне самой істоты. У казцы «Бусел» (са зборніка А.Сержпутоўскага) расказваецца, што і гэта птушка паходзіць ад чалавека, якога Бог ператварыў у бусла за непаслухмянства, каб той збіраў усялякіх гадаў, якіх ён, чалавек, выпусціў з гаршка, не паслухаўшы загаду Бога.

Этыялагічныя міфы звязаны з гісторыяй паходжання – багоў, чалавека. Беларускія казкі этыялагічнага зместу раскрываюць адносіны «чалавек – жывёла», японскія прысвечаны сувязям «жывёла – жывёла». Адной з праяў адзінства чалавечага і жывёльнага светаў з’яўляецца вандроўны сюжэт пра пярэваратняў, пашыраны ў эпічнай творчасці беларускага і японскага народаў. У беларускіх казках пярэварацень часцей за ўсё выступае ў вобразе ваўкалака: чалавек ператвараецца ў ваўка, каб шкодзіць чалавеку. А лісіца, выдаючы сябе за некага іншага, паказана ў вызначальным для яе ўстойлівым тыпе: яна – хітрая («Лісічка-сястрычка і воўк», «Ліса-каталічка», «Дзяцел, воўк і ліса», «Ліса і цецярук» і інш.). У той жа час, хоць і зрэдку, яна можа быць добрай сяброўкай, вернай ахоўніцай, напрыклад, авечкі, якая адбілася ад статка («Воўк, лісіца і авечка», запісана ў 1880-я гг.у Быхаўскім павеце).

Магчыма, найбольш шырока ў японскіх казках сустракаецца вобраз лісіцы-пярэваратня. Лісічка-пярэварацень памагае разбагацець чалавеку, які ўратаваў яе ад смерці. Яна ператвараецца ў кацёл (рэч хатняга ўжытку), у варанога каня, у маладую прыгажуню («Удзячнасць лісічкі»). У казцы «Манах і ліса» лісіца ператвараецца ў прыгожую дзяўчыну, але аказваецца падманутай хітрым манахам. Кульгавая лісічка з аднайменнай казкі, наадварот, перахітрыла лісіц, якія насмяяліся з яе нязграбнасці, адпомсціўшы ім за крыўду.

3) Яшчэ адным аб’ектам параўнальнага аналізу з’яўляюцца маральна-этычныя праблемы, якія распрацоўваюцца ў казках, і тыя ідэалы, якія сцвярджаюцца ў іх.

Жывёлы дапамагаюць і адзін другому: воўк спрыяе сабаку, калі таго, састарэлага, зжываюць з дому (вандроўны сюжэт, вядомы і ў японцаў, і ў беларусаў). Прыклад – казкі: японская «Воўк і сабака» і беларуская «Сабака і воўк».

«Быў у аднаго гаспадара сабака. Як ён пастарэў, гаспадар прывёз маладога, а яму ўжо есці не давалі. Аднаго разу выбег ён у поле і сустрэўся з ваўком, з якім знаўся з маленства. Воўк пытае ў яго:

– Чаму ты, браце, гэткі худы?

– А каб ты ведаў, братка,– кажа сабака,– гаспадар прывёз на маё месца маладога, а мне ўжо есці не дае.

– Пачакай,– кажа воўк,– я так зраблю, што будуць зноў табе есці добра даваць, толькі мяне паслухай, што я табе скажу».

«Неяк пасябравалі воўк і сабака і кожны дзень наведвалі адзін аднаго. Аднойчы пачуў сабака, што гаспадары кажуць пра яго:

– Стары стаў наш сабака, нічога не варты. Як з ім быць? Проста выгнаць ці забіць і скуру садраць?

– Спужаўся сабака і пабег да ваўка.

– Што мне рабіць? Вось што я чуў ад сваіх гаспадароў. Ці не параіш мне што-небудзь?

– Засмяяўся воўк.

– Не хвалюйся. Я адну хітрасць надумаў…».

4) Праблема тыпалагічна падобнага ў беларускіх і японскіх казках звязана з іх сацыяльна-бытавым характарам. Барацьба ў прыродзе, якая вядзецца паміж рознымі жывёламі, з’яўляецца барацьбой за выжыванне. Сацыяльнага канфлікту ў прыродным царстве няма. Ніколі без неабходнасці адна жывёла не знішчыць іншую, прагнучы крыві, проста так. Сацыяльную завостранасць набываюць адносіны ў чалавечым грамадстве. Праз забойства чалавека гатовы пераступіць тыя, хто прагне ўлады, хто жадае сцвердзіць сваю магутнасць, сваю веліч над сабе падобнымі. Гэта праблема раскрывае другі, сацыяльны змест казкі.

З развіццём класавага грамадства ўяўленне пра сацыяльную іерархію пранікае ў мастацкую свядомасць калектыўнага творцы. Разам з тым казак з указаннем на сацыяльную іерархію ў беларусаў і японцаў зусім няшмат. Так, у Японіі марскі Дракон мае сваіх падданых: гэта рыбы, мядуза, асьміног-самотнік, марскі акунь («Мядуза і малпа»). Яму служаць Таі, Хірамэ, Карэй і іншыя «высокашаноўныя» рыбы («Урасіма Таро»). Структура грамадства ў большасці выпадкаў у казках застаецца нераспрацаванай, адно толькі – указваецца на наяўнасць падданых у валадара. Гэтаксама і ў беларусаў: «Адкуль пайшлі паны на Палессі», «Іванка-прастачок» і іншыя казкі.

 

Казка Агульнае Адметнае
Беларускія // японскія Персанажы-жывёлы (сабака, воўк, ліса, мядзведзь, заяц, жораў, крумкач, сава, вераб’і, мышы, павукі і інш.) Этнічныя персанажы-жывёлы (малпа, чарапаха, мядуза) выконваюць розную сэнсавую ролю Фальклорныя (чэрці) Іерархічная структура грамадства   Міфічныя і фальклорныя: вадзянік / гаспадар віра, дракон (розны сэнс)  

Ад фальклорных да літаратурных жанраў: