Казка – фабліо – народная кніга – навела

Супастаўляючы беларускую казку з творамі іншых жанраў розных народаў, якія надзвычай блізкія ёй па сюжэту і сістэме вобразаў, можна аднавіць своеасаблівы ланцуг жанраў: казка – народная кніга – фабліо – навела. Іх параўнальны аналіз – ад казкі да ўласна літаратурнага жанра – з далучэннем беларускіх твораў дазваляе выявіць пэўную паслядоўнасць, этапнасць у іх станаўленні і развіцці, гэтаксама як і сінхроннасць іх існавання ў часе. У гэтым сэнсе беларускія казкі з’яўляюцца своеасаблівай асновай, на якую накладваецца ўзор (або ўток – нітка, якая кладзецца накрыж асновы) іншых жанраў. І калі аснова мае трывалы, устойлівы, інварыянтны характар, дык уток (у дадзеным выпадку творы іншых жанраў) адметны дынамічнасцю, зменлівасцю, варыятыўнасцю, што дазваляе акрэсліць этапнасць пераходу ад фальклорнай да літаратурнай творчасці. Беларуская казка, помнікаў якой захавалася даволі шмат, можа ў пэўным сэнсе выступаць звяном, якое ў літаратурным працэсе іншых краін страчана і якое аднаўляе непарыўнасць літаратурнага развіцця, дазваляе прасачыць асаблівасці пераходу, трансфармацыі фальклорных твораў у літаратурныя.

 

Казка эпічны жанр фальклору большасці народаў свету казкі пра жывёл, чарадзейныя казкі, сацыяльна-бытавыя казкі
Фабліо гумарыстычны / сатырычны жанр гарадской л-ры Сярэднявечча побытавы змест, сцэны з жыцця гараджан (у т.л. клірыкаў), сялян
Фацэцыя апавядальны жанр; дасціпны жарт-аповяд тыпу анекдота займальны сюжэт, побытавы змест, распрацоўка сямейнай тэмы, сацыяльных і агульначалавечых заганаў, антыклерыкальны змест, маральна-дыдактычны характар
Народныя кнігі ананімныя кнігі, распаўсюджаныя ў народным асяроддзі, пашырыліся дзякуючы кнігадрукаванню жывая размоўная мова, мінімум дыдактыкі, павучальнасці, кнігі забаўляльнага, прыгодніцкага або казачнага зместу
Навела малы апавядальны жанр сцісласць зместу, “дакументалізацыя” часу і месца дзеяння, дынамічнасць апавядання, нечаканы паварот у развіцці сюжэта

 

Французскае фабліо і казкі беларусаў

Аб’ектам аналізу з’яўляюцца канкрэтныя прыклады двух жанраў. Параўноўваючы французскае фабліо «Завяшчанне асла» Рутбёфа і беларускую сацыяльна-бытавую казку «Пахаванне казла», можна выявіць «закрытае ядро» агульначалавечага ў іх і «адкрытую сістэму» адрозненняў, якая ўпісвае кожны з твораў у адпаведны ім гісторыка-культурны кантэкст эпохі, нацыі, асяроддзя.

1) Сюжэты твораў амаль поўнасцю ідэнтычныя. Галоўныя героі – стары, поп з «айцом дзяканам» і «архірэй» – у казцы; поп і епіскап – у фабліо. Стары мае казла (казка), поп – асла (фабліо), з дапамогай якіх яны нажылі сваё багацце. Жывёла памірае, і гаспадар хавае казла (асла) як хрысціяніна на могілках. Калі царкоўны служка асуджае старога, апошні дае хабар: у казцы стары дае хабар папу, а затым разам – «архірэю», у фабліо поп – епіскапу. Кожны тлумачыць, што нібыта казёл (асёл) ахвяраваў гэтыя грошы святару ў сваім завяшчанні. За што святар (епіскап) даруе старому (папу) яго правіну і дабраслаўляе яго.

2) Тыпалагічнае падабенства сюжэтаў дапамагае асэнсаваць адзінства паміж творамі і нацыянальнымі літаратурамі, якое выяўляецца на розных узроўнях. У фабліо асноўная задача, з мэтай якой і расказаны згаданы сюжэт,– выкрыць хцівасць, сквапнасць клірыкаў, высмеяць тых, хто жадае суседу зла. У казцы таксама гучыць смех, выклікае абурэнне сквапнасць, хцівасць, карысталюбства святароў.

Вывучаючы праблему маральна-дыдактычную, варта звярнуць увагу на тыя прычыны, па якіх у творах розных народаў з'яўляюцца сатырычныя, глыбока рэалістычныя вобразы святароў. У беларускай літаратуры і фальклоры (у прыватнасці, у сацыяльна-бытавых казках) сатырычнае выкрыццё, сарказм у адлюстраваннні клірыкаў абумоўлены шэрагам прычын. Сярод іх вылучаюцца наступныя. Так, прадстаўнікі розных веравызнанняў змагаліся за пашырэнне сваёй веры, за паству, што, з аднаго боку, нараджала ў апошніх непрыманне гвалту і ўціску ў традыцыях «смехавай», карнавальнай культуры; з другога – правакавала саміх прадстаўнікоў царквы часам на несумленные ўчынкі. Таму для мастацкай свядомасці народа, якая ў завостранай форме адгукалася на балючыя праблемы грамадскага жыцця, на першы план выходзілі чалавечыя якасці афіцыйных асоб, у т. л. маральная заганнасць і бесчалавечнасць святароў (асабліва выразна – ў літаратуры Адраджэння). Варта ўлічваць і тое, што рэлігія на працягу стагоддзяў была «на службе» ў дзяржавы. Так, на беларускіх землях прыналежнасць да пэўнай нацыі была абумоўлена найперш прыналежнасцю да пэўнай канфесіі. Царква таксама слугавала сацыяльна-іерархічнай вярхушцы грамадства. Сяляне ж бачылі прадажнасць, хцівасць царкоўнікаў (пра што апавядаецца, напр., у беларускай казцы «Тры ксяндзы»). У гэтым сэнсе беларускія казкі сацыяльна-бытавога характару, у якіх адлюстраваны вобразы царкоўных служкаў, маюць тыпалагічнае падабенства з многімі жанрамі сярэднявечнай і рэнесанснай літаратуры на Захадзе пераважна сатырычнага, маральна-дыдактычнага зместу (з паэзіяй вагантаў, шванкам, народнай кнігай, навелай).

 

Структура твора Французскае фабліо “Завяшчанне асла” Беларуская сацыяльна-бытавая казка “Пахаванне казла”  
Тэма Падобнае: маральны, духоўны крызіс прадстаўнікоў царквы (клірыкаў, духавенства); хітрасць, уменне прыстасоўвацца да абставін прадстаўнікоў сялянства
Ідэя Выкрыццё хцівасці, сквапнасці, карыслівасці святароў
Праблема Сацыяльная, маральна-этычная праблематыка
Пафас Высмейванне пэўных чалавечых якасцей, сатырычны – у адносінах да святароў, гумарыстычны – да сялянства
Кампазіцыя Наяўнасць зачыну, завязкі, развіцця дзеяння, кульмінацыі, развязкі  
Кампазіцыя Кальцавая, выкарыстаны матыў размовы гасцей за сталом, у час якой расказана згаданая гісторыя Традыцыйная для жанру казкі. Кампазіцыйныя прыёмы: дыялогі, апісанні
Героі Поп, які мае асла Епіскап, які атрымлівае грошы Стары селянін мае казла Архідзякан атрымлівае грошы
Героі Падобнае: галоўны герой (з нізоў) мае хатнюю жывёлу, з дапамогай якой нажыў пэўнае багацце Герой, які атрымлівае хабар,– святар
         

 

3) Кампазіцыя фабліо «Завяшчанне асла» Рутбёфа і беларускай казкі «Пахаванне казла» таксама мае шмат падобнага, традыцыйнага: зачын, дзеянне, канцоўка. Традыцыйна зачын беларускай казкі знаёміць з героямі. Кампазіцыя фабліо кальцавая: у ёй акрэслены маральна-этычныя праблемы, апавяданню нададзены дыдактычны кірунак. Разам з тым у фабліо шырока выкарыстаны тыповы для апавядальнай літаратуры матыў размовы гасцей за сталом, у час якой расказана згаданая гісторыя. Фабліо – вершаваны твор (рэалістычная вершаваная навела), казка, як вядома, жанр апавядальны. Сфера іх узнікнення і пашырэння – горад (фабліо), больш шырока – народнае асяроддзе (казка). Фабліо выступае як жанр адной эпохі, час яго распаўсюджвання – ХІІ – пачатак ХІV стст. Казка пашыраецца на працягу многіх стагоддзяў. Адрозненні на ўзроўні жанравага вызначэння абумоўлены, з аднаго боку, маналагічным характарам фальклорных жанраў, з другога – крышталізацыяй структуры жанру пры ўзаемадзеянні фальклорных і літаратурных традыцый. У якасці асноваўтваральнай адзінкі ў фабліо выступае анекдот (невялікае па памерах смешнае апавяданне, камічная гісторыя). Тое гумарыстычнае, часам грубаватае, што складае аснову фабліо, з’яўляецца адной з тыпалагічных прыкмет казкі. Калектыўны стваральнік у фабліо і ў казкі. Фабліо, створанае на фальклорнай аснове, выступае як памежны жанр, што ўваходзіць у склад сярэднявечнай гарадской літаратуры ў Францыі. Казка ў дадзеным выпадку – фальклорны жанр.

Супастаўляючы творы «Завяшчанне асла» і «Пахаванне казла», можна заўважыць, што

– тыпалагічныя сыходжанні паміж мастацкімі творамі розных народаў, паміж узорамі фальклору і літаратуры, выяўляюць падабенствы гістарычнага лёсу, культурных традыцый народаў;

– яны таксама сведчаць пра неадналінейнасць, шматвектарнасць развіцця сусветнага літаратурнага працэсу, у межах якога мастацтва адных народаў запаўняе канкрэтнымі прыкладамі той этап, што пройдзены іншымі народамі, але якія такога сведчання, такіх узораў не пакінулі. У гэтым сэнсе беларускае мастацтва слова ў большай ступені, чым многія еўрапейскія літаратуры, захоўвае старажытны характар, што мае значэнне не толькі для развіцця нацыянальнага літаратурнага працэсу, але і ў агульначалавечым кантэксце. У гэтым бачыцца менавіта тое «пакліканне» (калі скарыстаць тэрмін Г.Гесэ пра лёс асобы ў свеце), тое «гістарычнае пасланніцтва» (тэрмін В.Ластоўскага) нашага народа, якое не страчвае, але захоўвае сваё значэнне, з часам набываючы новыя вымярэнні ў прасторы агульначалавечай культуры і цывілізацыі.