Б) Тураўскае княства

Тураўскае княства ўтварылася ў межах рассялення дрыгавічоў — у паўднёвай Беларусі, басейне р.Прыпяць. Сталіца княства — горад Тураў — прыгадваецца пад 980 г., калі на Беларусі з’яўляюцца князі, магчыма, браты — Рагвалод і Тур. Ад апошняга, як паведамляе летапіс, "тураўцы празваліся". Першая звестка і падзеі 988 г., калі былі вызначаны межы Тураўскай зямлі, сведчаць аб тым, што Тураўшчына з самага пачатку развівалася як самастойная дзяржаўная адзінка з усімі адпавядаючымі гэтай пабудове інстытутамі. Галоўнай складанасцю у фарміраванні гэтай дзяржавы было тое, што яна займала не ўсю этнічную тэрыторыю дрыгавічоў, а толькі землі левага берага Прыпяці з гарадамі Туравам, Слуцкам, пазней — Бярэсцем. На поўначы землі вакол Менска належалі Полацкай дзяр­жаве, на поўдні і ўсходзе — Брагінская вобласць — Кіеўскаму княству, Рэчыцкая — Чарнігаўскаму, на захадзе частка зямель была ва ўладанні ўладзіміра-валынскіх князёў. Разам з тым гістарычныя крыніцы дазваляюць меркаваць, што да канца X ст. у Тураве кіравала ўласная дынастыя князёў, чый радавод быў спынены падчас утварэння "імперыі Уладзіміра Святаславіча".

У 988 г. Уладзімір выдзеліў Тураўскую зямлю свайму трэцяму сыну Святаполку. Гэта сведчыць аб вялікай значнасці і ролі Тураўскага княства. Акрамя таго, Святаполк быў сынам Уладзіміра Святаславіча ад грачанкі — былой жонкі Яраполка. Як паведамляе летапіс, калі Уладзімір забіў свайго брата Яраполка, грачанка была ужо цяжарнай. Верагодна, Святаполк не быў упэўнены у бацькоўстве Уладзіміра, што праявілася у далейшым у яго імкненні да незалежнасці Тураўшчыны ад Кіева. Ён зрабіў гэту спробу яшчэ у 1012 г. пры жыцці Уладзіміра, узяўшы напярэдадні шлюб з дачкой польскага караля Баляслава Харобрага і запрасіўшы да сябе каталіцкага епіскапа Рэйнберна. У барацьбе Святаполка за самостойнасць Тураўскай зямлі былі падставы геапалітычнага плана. Справа у тым, што Тураўшчына знаходзілася у выгадным геаграфічным становішчы. Яна ляжала на шляху з Польшчы у Кіеў. Акрамя таго, праз Тураў праходзіла адно з адгалінаванняў знакамітага шляху "з вараг у грэкі". Да таго ж тут былі надзвычай ураджайныя і багатыя ворныя землі.

Пасля смерці Уладзіміра Святаславіча у 1015 г. менавіта Святаполк тураўскі становіцца кіеўскім князем, але пакідае за сабой і Тураўскую зямлю. 3 гэтым не пагадзіўся Яраслаў Мудры і распачаў супраць Святаполка вайну. Пасля бітвы на р.Альце у 1019 г. па дарозе у Полыпчу Святаполк гіне.