рефераты конспекты курсовые дипломные лекции шпоры

Реферат Курсовая Конспект

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў XVII – XVIII стст.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў XVII – XVIII стст. - раздел Образование, Прадмет, значэнне і мэты курса Гісторыя Беларусі. Крыніцы па гісторыі Беларусі Сацыяльна-Эканамічнае Развіццё Беларусі Ў Складзе Рэчы Паспалітай Адбывала...

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітай адбывалася ва ўмовах амаль бесперапынных войнаў. Ад іх асабліва пацярпелі ўсходнія тэрыторыі Беларусі, сумежныя з маскоўскай дзяржавай. Тут засталося менш за 1/3 насельніцтва, пуставала каля 70% сялянскіх хат. Вялікія страты панеслі гарады. Амаль цалкам былі спустошаны Магілёў, Віцебск, Мсціслаў, Бабруйск, Брагін, Гомель, Лоеў і інш. У 1656 годзе ў Мінску налічвалася толькі 156 дамоў, ён ляжаў у руінах. Прыйшло ў заняпад рамяство. Напрыклад, у Магілёве ў пачатку XVII стагоддзя было каля 2 тыс. рамеснікаў, а ў 1745 годзе засталося толькі 95 чалавек.

Ваенныя разбурэнні дапаўняліся неўраджаямі і эпідэміямі. Напрыклад, эпідэмія хваробы ў пачатку XVII стагоддзя знішчыла больш за палову жыхароў Гародні і Навагрудка. У сваім развіцці ВКЛ было адкінута на дзесяткі гадоў назад.

Аднак ваеннае ліхалецце паступова адыйшло. Ужо з 30-х гадоў XVIII cтагоддзя пачалося паступовае адраджэнне разбуранай гаспадаркі, павялічылася колькасць насельніцтва. Ужо ў 1791 годзе ў Беларусі налічвалася 3,9 млн. чалавек. Адраджалася сельская гаспадарка, чаму садзейнічала ўзрастанне попыту на сельскагаспадарчую прадукцыю на Захадзе. Цана на жыта павялічылася амаль у 5 разоў. У выніку хутка пачалі аднаўляцца панскія фальваркі, якія выпрацоўвалі прадукцыю на рынак. Разам з тым у гэты час папулярнай стала арэнда зямлі, гэта значыць, здача феадаламі зямлі ў часовае карыстанне багатым гараджанам ці купцам. Аднак гэтыя часовыя гаспадары вялі гаспадарку па–драпежніцку. Яны імкнуліся ўзяць з маёнткаў як мага больш даходаў і часта даводзілі сялян да галечы.

Сярэдняя сялянская гаспадарка па-ранейшаму складала каля 0,5 валокі. Разам з тым узрасла доля пазанадзельнай сялянскай зямлі, якую сяляне распрацоўвалі на пустках і лясах. З гэтай зямлі спаганяліся меншыя падаткі. У другой палове XVIII стагоддзя павялічылася забяспечанасць сялянскіх гаспадарак цяглавай жывёлай (коньмі і валамі). Новай з’явай у развіцці сялянскай гаспадаркі стала маёмасная няроўнасць. Частка сялян, перш за ўсё ў заходніх раёнах, мела ўжо па 1 – 2 валокі зямлі, 4 – 5 галоў цяглай жывёлы. Такія заможныя сялянскія гаспадаркі ў другой палове XVIII ст. складалі ўжо 15 – 16% агульнай колькасці сялянскіх падвор’яў. Побач з імі ў беларускай вёсцы жылі і беднякі, іх называлі кутнікамі, каморнікамі ці бабылямі. Яны наймаліся на працу да паноў ці да сваіх аднавяскоўцаў. Беднякі складалі каля 10% насельніцтва беларускай вёскі.

Такім чынам, у канцы XVIII стагоддзя большасць сялянскіх падвор’яў мелі досыць моцную гаспадарку і добры патэнцыял. Але гэты патэнцыял істотна зніжалі прыгонная залежнасць і падатковы ўціск. Сяляне па–ранейшаму выконвалі вялікія павіннасці. У сярэдзіне XVIII стагоддзя норма паншчыны павялічылася і складала 8 – 12 мужчынскіх і жаночых дзён на тыдзень з цяглай валокі. Акрамя паншчыны, сяляне выконвалі іншыя адпрацовачныя павіннасці ў гаспадарцы феадала (гвалты, талокі, загоны), звязаныя са жнівом, сенакосам, будаўніцтвам ці рамонтам. Колькасць гвалтаў, напрыклад, дасягала 12-ці ў год. Вельмі цяжкай для сялян была падводная павіннасць па перавозцы панскіх грузаў. Сяляне сплаўлялі лес для паноў, удзельнічалі ў аблавах на панскіх паляваннях, лавілі рыбу для паноў, паслі статкі, вартавалі маёнткі і г.д. Гэта была так званая адпрацовачная рэнта за карыстанне зямлёй.

Не менш цяжкім быў і грашовы падатак – чынш. Ён складаў каля 30 – 60 злотых з адной валокі. А за 2 злотых у той час можна было купіць барана. Сяляне мусілі плаціць за ўсё: за панскія жорны – жарнавое, за выраб гарэлкі – чапавое, за выхад замуж ці жаніцьбу – кунічнае і г.д.

Дапаўнялася адпрацовачная рэнта дзяклам – гэта значыць, данінай прадуктамі (збожжам, птушкай, мясам, маслам, яйкамі, ягадамі, грыбамі і г. д.).

Акрамя падаткаў феадалу, сяляне плацілі штогадовы падатак у дзяржаўную казну з кожнага двара (дыма). Ён называўся “падымны”. Усяго ў XVIII стагоддзі даследчыкі налічваюць 120 – 140 відаў сялянскіх павіннасцей. Селянін быў цалкам асабіста залежным ад феадала. У любы момант феадал мог адабраць у яго зямлю, перасяліць у іншае месца, купіць-прадаць, прайграць у карты. Прыгонная залежнасць і ўзрастаючы цяжар павіннасцей прымушалі сялян часам брацца за зброю. У XVIII стагоддзі на Беларусі адбыліся два буйныя антыфеадальныя паўстанні – Крычаўскае і Камянецкае.

Крычаўскае паўстанне адбылося ў 1740 – 1744 гг. у маёнтку князя Гераніма Радзівіла ў Крычаўскім павеце. Маёнтак гэты Геранім Радзівіл здаў у арэнду братам Гдалю і Шмуйлу Іцкевічам. Гэтыя часовыя гаспадары ўстанавілі тут жорсткі прыгнёт і пераўзышлі ў гэтым усіх папярэднікаў. Яны павялічылі паншчыну, увялі вялікія падаткі, рэгулярна збіралі падарункі і пачастункі (амаль на 1 млн. 300 тыс. звыш належнага), за непаслушэнства збівалі бізунамі, не давалі скардзіцца. Самавольства арэндатараў разбурала сялянскую гаспадарку, пазбаўляла сотні сем’яў сродкаў да існавання. Цярпенне крычаўцаў скончылася і яны ўзяліся за зброю. Паўстанне ўзначаліў войт Васіль Вашчыла. Паўстанцы выгналі братоў Іцкевічаў, запрасілі новых арэндатараў і сталі кантраліраваць выкананне дагавораў. Геранім Радзівіл адчуў, што страчвае кантроль над сітуацыяй. У студзені 1744 года ён накіраваў супраць бунтаўшчыкоў добра ўзброенае войска з гарматамі. Паўстанцы былі разбіты. Каля 200 чалавек загінулі ў баі, 30 чалавек пасадзілі на кол ці падвесілі за рэбры. Васіль Вашчыла ўцёк на Украіну, дзе быў арыштаваны і хутка памёр. Да гэтага часу шукаюць казну паўстанцаў (каля 6 тыс. злотых).

Праз 10 гадоў пасля Крычаўскага, у 1754 годзе, пачалося паўстанне сялян у вёсцы Каменшчына Мазырскага павета ва ўладаннях каталіцкай царквы. Прычынай яго быў зноў-такі непасільны прыгнёт. Але і гэта паўстанне было жорстка падаўлена ўладамі.

Разам з тым, трэба адзначыць, што паўстанні на Беларусі насілі лакальны, абмежаваны характар. Тут не было сялянскіх войнаў накшталт паўстання Я. Пугачова ці С. Разіна ў Расіі, Уота Тайлера ў Англіі, паколькі рэдкае насельніцтва і багацце беларускай зямлі давалі магчымасць пракарміцца за кошт палявання, рыбнай лоўлі, дароў леса нават пры самай жорсткай эксплуатацыі. Паміж ВКЛ і суседнімі краінамі межы былі досыць празрыстымі і гэта давала магчымасць уцякаць да казакаў у Запарожскую Сеч, у Сібір і далей.

З другой паловы XVIII стагоддзя пачалося паступовае адражэнне гарадоў Беларусі. У гэты перыяд у ВКЛ налічвалася 39 гарадоў і 350 мястэчак, гарадское насельніцтва складала каля 11%. Найбольш буйнымі гарадамі былі Магілёў, Віцебск, дзе жыло больш за 10 тыс. насельніцтва. Каля 5 – 6 тыс. жыхароў было ў Гародні і Мінску, каля 4 тыс. – у Полацку, Слоніме, Мсціслаўлі. Пачалі развівацца шляхі зносін, пабудаваны мінска-слонімскі і мінска-віленскі тракты. Праводзіліся работы па ачыстцы рэк, збудаванню рачных портаў, будаўніцтву мастоў. У другой палове XVIII стагоддзя былі пабудаваны два буйныя каналы, якія злучылі Балтыйскае і Чорнае моры: Дняпроўска-Неманскі і Дняпроўска-Бугскі. У 1766 годзе былі ўведзены агульна-дзяржаўныя меры вагі, аб’ёму і даўжыні, адзіныя мытныя пошліны і г.д.

Новай з’явай у эканамічным развіцці ВКЛ у другой палове XVIII стагоддзя стала ўзнікненне мануфактурнай вытворчасці. Мануфактура – гэта форма вытворчасці ( манус – рука, фактура – выраб), заснаваная на падзеле працы. На Беларусі мануфактуры ўзніклі галоўным чынам у мястэчках і малых прыватнаўласніцкіх гарадах, паколькі ў буйных гарадах існавала манаполія цэхаў на выраб і продаж рамесленых тавараў. Так, у мястэчку Урэчча Бабруйскага павета ўзнікла мануфактура шкляных вырабаў, у мястэчку Свержань – фарфоравая мануфактура, у Слуцку – мануфактура па вырабу шаўковых паясоў і суконных тканін. Да канцы XVIII стагоддзя на Беларусі ўжо былі 53 вотчынныя мануфактуры, дзе працавала 2400 рабочых.

Узнікненне мануфактур сведчыла аб паступовым распадзе феадальных адносін і фарміраванні капіталістычнай вытворчасці.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай

Эканамічнае развіццё сельскай гаспадаркі Беларусі вызначалася аграрнай рэформай Жыгімонта Аўгуста 1557 года. Ішоў працэс фарміравання і развіцця фальварачна-баршчыннай гаспадаркі. Вынікам аграрнай рэформы былі ўдасканаленне арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, павышэнне даходнасці фальваркаў. Але валочная памера ўзмацніла феадальны ўціск сялян, завяршала іх канчатковае запрыгоньванне. Пасля кароткачасовага эканамічнага пад’ёму з другой паловы XVII стагоддзя пачынаецца эканамічны заняпад, выкліканы шматлікімі войнамі, якія вяла ў гэты час Рэч Паспалітая, скарачэннем ў два разы ў выніку войнаў, эпідэмій, неўраджаеў насельніцтва, адпаведна змяншэннем колькасці ворыўных зямель, феадальнымі міжусобіцамі, калі ў ходзе міжусобных ваенных дзеянняў таксама руйнаваліся паселішчы і знішчаліся пасевы. Усё гэта прыводзіла да узмацнення феадальнага ўціску, павялічэння павіннасцей. Сяляне ў асноўным адпрацоўвалі паншчыну і плацілі чынш. Але да сярэдзіны ХVIII стагоддзя колькасць адпрацовачных дзён у тыдзень на сям’ю з цяглай валокі даходзіла да 12 і нават 16, хаця па “Уставу на валокі” сям’я павінна была адпрацоўваць толькі два дні за валоку. Адпаведна узраслі і грашовыя паборы, якіх даследчыкі налічылі 56 найменняў. Плацілі нават за права хадзіць у панскі лес, за права выйці замуж у другую воласць. Акрамя таго, сяляне павінны былі рамантаваць дарогі і масты, удзельнічаць у гвалтах і талоках, плаціць дзяржаўныя падаткі (“падымнае”, “рэйтаршчыну” і інш.), выконваць іншыя шматлікія павіннасці.

З другой паловы XVII стала шырока практыкавацца перадача маёнткаў у арэнду, але гэта прывяло да яшчэ большай эксплуатацыі сялянства. Усе падарожнікі, якія праязджалі ў гэты час праз беларускія землі і аставілі свае запіскі, адзначалі беднату насельніцтва. Напрыклад, польскі дзеяцель Ю.Выбінскі ў 1776 г. пісаў: “Спосаб жыцця сялян жудасны. Іх спосаб жыцця нельга параўнаць з палажэннем жывёлы, якая знаходзіцца ў руках добрага гаспадара”. Цяжкае эканамічнае палажэнне сялянства прыводзіла да сацыяльных канфліктаў, хаця яны не атрымалі ў Беларусі такіх шырокіх маштабаў, як, напрыклад, сялянскія войны ў Расіі. Прычыны былі не толькі ў ментальнасці беларускага насельніцтва, але і ў геаграфічным палажэнні. Сялян часта выратоўвалі ад голада дары лесу, дзічына, рыба ў шматлікіх рэках, або міграцыя на Ўкраіну, да казакаў. Тым не менш хваля выступленняў ахапіла Палессе, Віцебшчыну Аршаншчыну, Случчыну. Найбольш буйным сялянскім выступленнем былі паўстанні 1740-1744 гг. ў Крычаўскім старостве і 1754-1756 гг. ў Мозырскім павеце.

Паступовы эканамічны пад’ём пачаўся толькі з 30-40-х гадоў ХVIII стагоддзя. Гэтаму садзейнічаў рост попыту на знешнім і ўнутраным рынках на сельскагаспадарчыя тавары з прычыны павялічэння колькасці гарадоў і насельніцтва ў іх, прынятых мерах па развіццю гандлю і сродкаў зносін: створаны каналы, тракты, адзіныя меры вагі, аб’ёму, даўжыні. У гэты час улады і памешчыкі пачалі стымуліраваць запашку сялянамі пустуючых валок шляхам часовага вызвалення ад павіннасцей за гэтыя землі і перасялення іх на так званыя “слабоды”. У выніку да сярэдзіны ХVIII ст. агульная плошча сялянскіх надзелаў была адноўлена. У панскіх гаспадарках удасканальвалася агратэхніка вырошчвання асноўных сельскагаспадарчых культур, Развівалася жывёлагадоўля. Але адначасова павялічваўся феадальны прыгнёт сялянства, эканамічная дыферэнцыяцыя насельніцтва вёсак. Гэта сведчыла аб пачатку разлаження феадальна-прыгонніцкай гаспадаркі.

Прыкладна аналагічны працэс праходзіў і ў гарадах. Другая палова ХVI і першая палова XVII стст. былі адзначаны значным ростам колькасці гарадоў і гарадскога насельніцтва, але ў часы ваеннага ліхалецця другой паловы XVII ст. большасць гарадоў і мястэчак Беларусі была спустошана, некаторыя цалкам спалены. З гэтай прычыны сейм Рэчы Паспалітай нават быў вымушаны прыняць пастановы аб вызваленні гарадоў ад падаткаў. Аднаўленне эканамічнага жыцця ў гарадах і мястэчкаў пачалося ў другой палове ХVIII стагоддзя, але да канца гэтага стагоддзя так і не была адноўлена колькасць гаражан, якая была ў першай палове XVII стагоддзя. Да гэтага часу цэхавая сістэма ўступіла ў стадыю разлажэння, хаця пануючае становішча ў гарадах заставалася за рамяством.

Новым у развіцці прамысловасці стала з’яўленне мануфактурнай вытворчасці. Спачатку мануфактуры былі заснаваны на прыгоннай працы. Першая шкляная мануфактура была створана ў Налібоках цяперашняга Стаўбцоўскага раёна, затым з’явіліся фаянсавая мануфактура ў пасёлку Свержань гэтага ж раёна. Буйнымі прадпрыемствамі для таго часу былі шкляная мануфактура ў Урэччы, дзе ўжо выраблялі пасуду з крышталя, мануфактура па вытворчасці паясоў у Слуцку, суконная і палатняная мануфактуры ў мястэчку Ружаны і іншыя. У канцы ХVIII стагоддзя на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўжо дзейнічалі звыш 50 прадпрыемстваў мануфактурнага тыпу. Адначасова з пад’ёмам эканомікі, ростам гарадоў і развіццём прамысловасці у ХVIII стагоддзі значна ажывіўся гандаль. У унутраным гандлі спачатку пераважалі кірмашы, затым усё большае распаўсюджванне сталі набываць крамы.

Такім чынам, Беларусь у сваім сацыяльна-эканамічным развіцці на працягу XVII-ХVIII стст. прайшла перыяд заняпаду, а з другой паловы ХVIII ст. зрабіла значны крок наперад. Усё большае значэнне стала набываць таварная вытворчасць, з’явіліся новыя формы прамысловасці, актывізаваўся гандаль.

18. Знешняя і ўнутраная палітыка РП у другой палове ХVІ - першай палове ХVІІІ стст

Знешнепалітычнае становішча беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай

У 16 – 18 ст.ст. тэрыторыя Беларусі была пераўтворана ў зону вострага ваеннага супрацьстаяння суседніх дзяржаў – Расіі, Польшчы, Швецыі і Украіны, тут ішлі амаль бесперапынныя ваенныя дзеянні, якія наносілі ёй вялікія матэрыяльныя і людскія страты.

З 1558 па 1582 гг. Беларусь была асноўным тэатрам ваенных дзеянняў у сувязі з Лівонскай вайной. Рускія войскі захапілі і спустошылі амаль палову яе тэрыторыі. Пасля захопу Полацка рускае войска стала пагражаць Вільні. У такіх умовах была падпісана Люблінская ўнія, якая істотна паўплывала на ход Лівонскай вайны. Новы кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый (1576 – 1586) змог сабраць вялікае войска і змяніў ход ваенных дзеянняў. У 1579 годзе быў вызвалены Полацк, а затым і іншыя населеныя пункты Беларусі. У 1582 годзе вайна скончылася перамогай Рэчы Паспалітай. Па Ям-Запольскаму пагадненню ВКЛ вярталіся ўсе землі, страчаныя падчас вайны. Да Рэчы Паспалітай адыходзіла таксама большая частка Лівоніі.

Другой буйной ваеннай кампаніяй ў пачатку XVII стагоддзя была адкрытая экспансія Рэчы Паспалітай у Маскоўскую дзяржаву, якая перажывала так званы ”смутны час”. Ён быў абумоўлены тым, што на Русі скончылася дынастыя Рурыкавічаў і пачалася барацьба за маскоўскі трон. Акрамя таго, некалькі гадоў падрад тут былі неўраджаі, пачаўся голад. Бунты галодных сялян ахапілі ўсю краіну. Новы кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза (1587 – 1632) вырашыў скарыстаць гэтую сітуацыю для ўзмацнення свайго ўплыву на Усходзе. У гэты час у сядзібе беларускага магната Вішнявецкага аб’явіўся малады чалавек, які назваў сябе царэвічам Дзмітрыем (малодшы сын Івана IV). Ён сцвярджаў, што выратаваўся ад забойц Барыса Гадунова і прад’яўляў прэтэнзіі на рускі прэстол. На самай справе гэта быў манах Рыгор Атрэп’еў. Шляхта Рэчы Паспалітай вырашыла выкарастаць смелага авантурыста, каб замацаваць палітычнае першынство ў Усходняй Еўропе. Дыпламатычныя захады былі адкінуты і пачалося адкрытае ваеннае ўмяшанне ў справы суседняй дзяржавы.

Першы паход на Маскву пачаўся ў 1604 годзе. Ілжэдзмітрый пры падтрымцы войска Рэчы Паспалітай амаль год знаходзіўся на маскоўскім троне, аднак быў выкрыты і забіты.

У 1607 годзе быў наладжаны новы паход у Рускую дзяржаву з Ілжэдзмітрыем II у абозе (настаўнік з Магілёва). Але і другога напаткаў такі ж лёс. Ён быў забіты, так і не стаўшы царом.

У 1609 годзе ў чарговы паход на Маскву рушыў з войскам сам кароль Жыгімонт III Ваза. Баярская Дума, дзе былі вялікія супярэчнасці, дала згоду на абвяшчэнне сына Жыгімонта 15-гадовага Уладзіслава царом Масковіі. Два гады сталіца рускай дзяржавы была ў руках іншаземцаў, якія наводзілі там свае парадкі. Аднак у 1612 годзе народнае апалчэнне на чале з Мініным і Пажарскім здолела адваяваць Маскву і выгнаць чужаземныя войскі са сваёй тэрыторыі. Адмоўным вынікам інтэрвенцыі Рэчы Паспалітай у Маскву стала замацаванне варожых адносін паміж суседнімі дзяржавамі. Палякі і літвіны ўспрымаліся ў Маскве як галоўныя яе ворагі. З гэтага часу руская дзяржава настойліва дамагалася ліквідацыі Рэчы Паспалітай, чаго і дасягнула ў канцы XVIII ст.

Усе гэтыя гады праз Беларусь з Захаду на Усход і з Усходу на Захад бесперапынна рухаліся войскі, якія руйнавалі беларускія землі

Спусташальнай для Беларусі была вайна РП з Рускай дзяржавай, якая цягнулася з 1654 па 1667 г.

Пачалася яна з антыпольскага паўстання на Украіне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. У ходзе паўстання Б.Хмельніцкі дамагаўся не толькі вызвалення ад польскага панавання, але і стварэння Вялікай Украіны з далучэннем да яе паўднёва – ўсходніх зямель Беларусі. Ён засылаў на Беларусь свае казацкія атрады (загоны) пад кіраўніцтвам Налівайкі, Нябабы, Галоты, Крычэўскага, Крывашапкі, да якіх далучаліся беларускія сяляне. Супраць іх вяло барацьбу войска на чале з гетманам Янушам Радзівілам.

У 1654 годзе паміж Расіяй і Украінай быў заключаны ваенна – палітычны саюз. Па рашэнню Пераяслаўскай рады (казацкага з’езду) Украіна адыходзіла ў склад праваслаўнай Расіі. Для барацьбы з палякамі рускі цар Алексей Міхайлавіч кінуў на Украіну вялікае войска. Заадно ён меў намер далучыць да Расіі і землі Беларусі (ВКЛ). Ваенныя дзеянні пачаліся ў 1654 годзе. Аляксей Міхайлавіч захапіў большую частку тэрыторыі Беларусі, у 1655 годзе нават сталіцу ВКЛ Вільню, пасля чаго пачаў тытулаваць сябе “государем Великой, Малой и Белой Руси”. Безумоўна, што 10-тыс. войска гетмана Януша Радзівіла не магло даць адпор 100-тысячнаму рускаму войску, але на баку ВКЛ выступіла і Швецыя. Гэта дало магчымасць войску Рэчы Паспалітай больш актыўна весці баявыя дзеянні. У 1660 годзе асноўныя сілы рускіх былі разбіты. У 1661 годзе была вызвалена Вільня. Пачаўся адыход рускага войска з беларускай зямлі. Доўгія перамовы завяршыліся заключэннем у студзені 1667 года Андрусаўскага міру (Андрусава знаходзіцца каля Мсціслаўля у Магілёўскай вобл).

Згодна з ім Маскоўскі цар адмаўляўся ад зямель Беларусі, але пакідаў за сабой Смаленск. Украіна была падзелена па Дняпры: левабярэжная адыходзіла да Расіі, правабярэжная заставалася ў Рэчы Паспалітай. Акрамя таго, Андрусаўскі мір замацоўваў права маскоўскага цара абараняць праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай.

Даніна, якую прынёс беларускі народ войнам, была жудаснай. Колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася больш чым удвая – з 2,9 млн. челавек да 1,4 млн.чалавек. Яшчэ больш за 300 тыс. жыхароў Беларусі былі ўзяты ў палон і прымусова пераселены ў Расію. Вывозілі сялян, шляхту, але галоўным чынам майстроў-рамеснікаў, якія ў другой палове XVII стагоддзя складалі каля 20% насельніцтва Масквы і ўнеслі вялікі ўклад у развіццё культуры і рамяства на Русі.

У пачатку 18 стагоддзя на беларускія землі прыйшла новая, Паўночная вайна (1700 – 1721 гг.). Гэтую вайну вяла Расія са Швецыяй, але большай часткай на тэрыторыі Беларусі. Вайна выклікала раскол сярод беларускай шляхты, частка выступіла на баку Швецыі (Сапегі і інш.), частка на баку Расіі (Агінскія, Вішнявецкія і інш.). Шматтысячныя вайсковыя злучэнні руйнавалі гарады і вёскі Беларусі, ператваралі яе ў выпаленную зямлю. Вайна скончылася перамогай Расіі. На гэты раз Беларусь страціла каля 700 тыс. чалавек,

Войны сярэдзіны XVII – пачатку XVIII стст. сталі тым рубяжом, пасля якога Рэч Паспалітая прыйшла ў заняпад. У гэтым былі зацікаўлены суседнія дзяржавы Расія, Аўстрыя і Прусія, якія нават падпісалі паміж сабой тайныя пагадненні (у 1720, 1726 гг.) аб падтрымцы бязладдзя ў РП.

19. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай, спробы рэформ у другой палове XVIII ст. Падзелы Рэчы Паспалітай і далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперы

Заняпад Рэчы Паспалітай, яе падзелы

У другой палове ХVIII стагоддзя Рэч Паспалітая была значна аслабленай у ваеннай, эканамічнай і палітычнай сферах, што выкарысталі суседнія дзяржавы для яе падзелу. Прычыны заняпаду былі наступнымі.

Беларусь, якая знаходзілася ў складзе РП, у гэты час стала арэнай ваенных дзеянняў паміж буйнымі еўрапейскімі дзяржавамі. Пасля перамогі ў Лівонскай вайне Рэч Паспалітая стала адной з лідзіруючых дзяржаў у Еўропе і пачала прэтэндаваць на гегемонію ў міжнародных адносінах. У 1604-1609 годы яна тройчы распачынала інтэрвенцыю супраць Маскоўскай дзяржавы, спачатку пПад прыкрыццём міфа аб узвядзенні на маскоўскі трон царэвіча Дзмітрыя, а затым і прамую. На працягу 1610-1612 гг маскоўскім царом быў сын польскага караля Ўладзіслаў, але затым ён быў вымушаны пакінуць межы дзяржавы. Тым не менш Польшчы адыйшлі Смаленск і Чарнігава-Северская зямля.

З к. ХVI ст. пачаліся войны Рэчы Паспалітай са Швецыяй, якія цягнуліся да 1660 года. Яны перапляліся з вайной Расіі з РП ў 1654-1667 гг., паўстаннем казакаў пад кіраўніцтвам Багдана Хмельніцкага, вайной Расіі супраць Швецыі 1656-1661 гг., вайной Турцыі супраць Польшчы 1620-1683 гг. У 1700-1721 гг. распачалася чарговая вайна Расіі супраць Швецыі, якая таксама закранула тэрыторыю Беларусі. Рэч Паспалітая выйшла з іх аслабленай у палітычных, эканамічных, дэмаграфічных адносінах. Становішча Рэчы Паспалітай ўскладнялася таксама нацыянальна-рэлігійнымі і сацыяльнымі канфліктамі. Гэтыя канфлікты, асабліва рэлігійныя, ўсяляк заахвочвалі суседнія дзяржавы, якім было выгадна мець слабага суседа. Моц дзяржавы падрывалася таксама феадальнай анархіяй, якая паралізавала дзейнасць цэнтральнай ўлады. Улада караля была вельмі слабай, дзейнасць сеймаў паралізавала права “ліберум вета”. Гэтая анархія узмацнялася барацьбой паміж сабой магнацкіх груповак, якая часам набывала формы вайны у маштабах дзяржавы. Так было, напрыклад, ў час буйнага канфлікта паміж групоўкай магнатаў на чале з гетманам Казімірам Сапегам і антысапегаўскай апазіцыяй, які цягнуўся некалькі гадоў: з 1696 г. па 1700 г. Узброеныя сутыкненні часам перарасталі ў сапраўдныя бітвы з удзелам тысяч людзей, прымяненнем цяжкага ўзбраення, асадай замкаў і г.д. Гэтая анархія яшчэ больш абвастралася барацьбой буйных магнатаў за ўладу. Сапегі то падтрымлівалі караля, то выступалі супраць яго, Радзівілы займалі то прашведскую пазіцыю, то прафранцузскую, Пацы – прааўстрыйскую, Чартарыйскія – прарускую.

Эканамічны заняпад і палітычны разброд паслаблялі ваенную магутнасць Рэчы Паспалітай. Шляхта з неахвотай і неарганізавана збіралася на “паспалітыя рушэнні” і па сваіх баявых якасцях уступала рэгулярным войскам іншых краін. Жорсткія формы феадальнай эксплуатацыі, захаванне адсталых форм паншчыны пазбаўлялі сялян стымулаў да працы, прыводзілі да самага нізкага узроўню жыцця і гэтым самым аслаблялі ў цэлым эканоміку краіны.

У 1764 г. на польскі трон быў узведзены Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён паспрабаваў правесці абмежаваныя рэформы: часткова адмяніў права “ліберум вета”, некаторыя эканамічныя прывілегіі шляхты, зрабіў захады па ўпарадкаванню фінансавай сістэмы дзяржавы. Але гэта не здавальняла суседнія дзяржавы, асабліва Расію і Прусію, якія былі зацікаўлены ў слабасці Польшчы.

У 1764 г. паміж імі была нават заключана дамова, некаторыя артыкулы якой прадугледжвалі захаванне ў Рэчы Паспалітай залатых шляхецкіх вольнасцей, права “ліберум вета”, выбараў караля. Повадам для прамога ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай стала рэлігійнае пытанне. Пад выглядам абароны правоў праваслаўных і уніятаў Расія і Прусія садзейнічалі стварэнню ў Слуцку праваслаўнай, ў Таруні пратэстанскай канфедэрацый. На дапамогу ім былі накіраваны рэгулярныя войскі. Калі ж у 1767 г. сейм ураўняў правы католікаў і праваслаўных, гэта ўжо выклікала нездавальненне часткі каталічнай шляхты і магнатаў. Яны стварылі ў 1768 г. ў г. Бары каталіцкую канфедэрацыю. Пачаліся ваенные дзеянні, у якіх актыўна ўдзельнічалі і рускія войскі. Гэтую сітуацыю выкарысталі Расія, Прусія і Аўстрыя, якія ў 1772 г. прынялі рашэнне аб першым падзеле РП. Згодна з ім да Прусіі адыйшла паўночна-заходняя частка Польшчы, Аўстрыі- поўдзень Польшчы і Галіцыя, Расіі – усходнія землі Беларусі і Ўкраіны. З мэтай захавання застаўшайся часткі дзяржавы Сейм РП, які працягваўся чатыры гады, з 1788 па 1992 гг., аб’явіў сябе генеральнай канфедэрацыяй, каб не прымяняць права “ліберум вета” і прыняў рад законаў, накіраваных на ўзмацненне цэнтральнай ўлады. Важнейшыя з іх увайшлі ў Канстытуцыю, якая была прынята 3 мая 1791 года. Згодна з ёю, заканадаўчая ўлада належыла сейму, пры гэтым адмянялася права “ліберум вета”, забараняліся канфедэрацыі.

Выканаўчая ўлада належала цэнтральнаму ўраду (Стражы Правоў) на чале з каралём. Акрамя старшыні, урад складаўся з кіраўніка (прымаса) каталіцкай царквы і пяці міністраў. Адмянялася выбарнасць караля, яго ўлада аб’яўлялася спадчыннай. Пашыраліся паўнамоцтвы караля. Ліквідаваўся падзел на Карону і Вялікае княства Літоўскае, хаця ў дадатковым дакуменце “Узаемная гарантыя двух народаў” і адзначалася, што ў дзяржаўных камісіях павінен быць аднолькавы лік літвінаў і палякаў. Некалькі абмяжоўваліся правы шляхты, у прыватнасці, павышаўся маёмасны і ўзроставы цэнз пр выбарах дэпутатаў сейма. У той жа час пашыраліся правы мяшчан. У войска, акрамя шляхты, дазвалялася рэкруціраваць сялян. Частка шляхты, нездаволеная стратай шляхецкіх вольнасцей, у 1792 г. абвясціла Таргавіцкую канфедэрацыю з мэтай адмены Канстытуцыі З мая. Расія, зацікаўленая ў паслабленні цэнтральнай улады ў Рэчы Паспалітай, накіравала на дапамогу канфедэрацыі 100- тысячную армію. Пры гэтым яна выкарыстала склаўшуюся сітуацыю і ў студзені 1793 г. разам з Прусіяй ажыццявіла другі падзел. Згодна з ім да Прусіі адыйшла цэнтральная частка Польшчы, да Расіі – цэнтральная частка Беларусі. Канстытуцыя 3 мая 1791 года была адменена, аднаўлялася выбарнасць караля. У сакавіку-лістападзе 1794 года на ўцалелай ад дзвух падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыі разгарнулася паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Мэтай яго было аднаўленне Канстытуцыі 3 мая 1794 года, Рэчы Паспалітай ў межах 1772 года. Паўстанцы авалодалі Вільняй, барацьба разгарнулася ў Літве і Заходняй Беларусі. Тут яе узначаліў Якуб Ясінскі. Была створана найвышэйшая Рада Вялікага княства Літоўскага, затым перайменаваная ў Цэнтральную Дэпутацыю ВКЛ. Яна падпарадкоўвалася Найвышэйшай Нацыянальнай Радзе ў Варшаве. Найбольш значныя сутыкненні паўстанцаў з расійскімі войскамі адбыліся пад Слонімам, Вільняй. Паўстанне было падаўлена, пасля чаго ў 1795 годзе адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай паміж Расіяй Аўстрыяй і Прусіяй. Да Расіі адышлі Прыбалтыка, Заходнія Беларусь і Ўкраіна. Прусія і Аўстрыя падзялілі застаўшуюся частку Польшчы.

Т. чын, у выніку трох падзелаў РП як дзяржава спыніла сваё існаванне. Беларускія землі адыйшлі да Расійскай імперыі. З аднаго боку, пашырэнне ўнутранага рынку і эканамічнай прасторы, больш спакойныя ўмовы жыцця без феадальнай анархіі і шматлікіх войн спрыялі эканамічнаму развіццю Беларусі. Але, з другога боку, асноўная маса насельніцтва трапіла пад больш цяжкі гнёт расійскай манархіі. Узраслі падаткі. Калі раней праводзілася апалячванне, то з першай паловы ХIX ст. пагроза паланізацыі засталася, але, акрамя гэтага, пачалася і русіфікацыя.

20. Культура беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай у другой палове XVI – XVIII стст.

Значны ўплыў на культуру Беларусі другой паловы ХVI – ХVIII стст. Аказалі ерапейскае адраджэнне, рэфармацыя і контррэфармацыя, асветніцтва. У ХVI стагоддзі рэнесанс ў Еўропе прайшоў ужо стадыі перададраджэння і ранняга адраджэння і ўступіў ў перыяд высокага і позняга адраджэння. У гэты час у сувязі з больш цеснымі культурнымі кантактамі, а таксама дзякуючы аб’яднанню з Польшчай, якая была бліжэй звязана з еўрапейскай культурай, культура Адраджэння стала пашырацца на беларускіх землях. Але паколькі яны знаходзіліся ў пэўным сэнсе на перыферыі, то ўступілі ў эпоху Адраджэння значна пазней за Еўропу, зараджэнне і ранні этап яго адносіцца да першай паловы ХVI стагоддзя, а росквіт – на канец ХVI – XVII стст. Пры гэтым культура Рэнесанса на беларускіх землях развівалася ў складаных умовах паланізацыі, эканамічнага і палітычнага ўпадка.

Рэфармацыя пачала пранікаць у ВКЛ ў першай трэці ХVI с тагоддзя пераважна ў выглядзе кальвінізму. Ён вабіў людзей патрабаваннямі адмены царкоўных падаткаў і скарачэння землеўладанняў, суполкамі з самакіраваннем. Яе падтрымалі магнаты, у тым ліку буйнейшы – Мікалай Радзівіл Чорны, які заснаваў ў Несвіжы першую на тэрыторыі Беларусі пратэстанцкую друкарню. У многіх гарадах ствараліся кальвінісцкія суполкі, будаваліся цэрквы, адкрываліся школы, друкарні. Але паступова з другой паловы ХVI стагоддзя колькасць пратэстантаў на беларускіх землях пачала змяншацца. Гэтаму нямала садзейнічалі і меры, прынятыя каталіцкай царквой па ўмацаванню свайго становішча.

Пачаўся перыяд контррэфармацыі. Значную ролю ў контррэфармацыі ў ВКЛ, як і ва ўсёй Еўропе, сыграў каталіцкі манаскі ордэн езуітаў, які з 1570 года пачаў дзейнічаць у Вільні, а затым і ў іншых гарадах. Разумеючы важнасць прапагандысцка-выхаваўчай работы сярод людзей, перш за ўсё моладзі, яны пачалі адкрываць вучэбныя установы – калегіумы, стваралі друкарні і бібліятэкі, займаліся дабрачыннасцю.

У пачатку ХVIII стагоддзя, калі Еўропа пасля працяглых войнаў уступіла ў перыяд адносна спакойнага жыцця, адбыліся значныя зрухі ў эканоміцы, навуцы, адукацыі. Светапогляд людзей, культура набылі больш свецкі характар, у центр былі пастаўлены асвета, рацыяльнае мысленне замест рэлігійнага. Усё гэта атрымала назву асветніцтва. Культура, Ідэалогія асветніцтва ў ХVIII стагоддзі пачалі распаўсюджвацца і на беларускіх землях.

На развіццё беларускай культуры ў перыяд уваходжання ў склад ВКЛ і Рэчы Паспалітай значны ўплыў аказалі межканфесійныя адносіны, якія склаліся ў гэты час. Як вядома, ў перыяд заснавання ВКЛ “рускія” княствы прытрымліваліся праваслаўя, літоўскія плямёны яшчэ заставаліся ў паганстве. Пасля Крэўскай уніі, вяліканяжацкіх прывілеяў 1387 і 1413 гг. Насельніцтва стала пераводзіцца ў каталіцызм, а праваслаўе а залася ў дыскрымінацыйным становішчы. Гэта вызвала канфрантацыю на рэлігійнай аснове, якая перапляталася з палітычнай барацьбой, і нават з’явілася адной з прычын раскола дзяржавы ў перыяд грамадзянскай вайны 1430-х гадоў. Каб прыцягнуць на свой бок праваслаўных феадалаў, карвлём і Вялікім князем ВКЛ ў 1432 і 1434 гг.былі выдадзены два прывілея, якія ўраўноўвалі ў правах католікаў і праваслаўных. Але пасля заканчэння грамадзянскай вайны зноў узмацнілася акаталічванне, хаця да вострай адкрытай канфрантацыі справа не даходзіла. Да ўтварэння Рэчы Паспалітай на землях Беларусі, пераважна ў заходняй яе частцы, дзейнічалі 8 каталіцкіх манаскіх ордэнаў, але на ўсходзе заставаліся даволі моцнымі пазіцыі праваслаўя, асабліва з боку асноўных пластоў беларускага насельніцтва. Правы каталіцкай царквы сістэматычна пацвярджаліся ва ўсіх агульнадзяржаўных прывілеях.

Распаўсюджанне Рэфармацыі ў ВКЛ ў другой палове ХVI стагоддзя ўскладніла манапольную двухканфесійную царкоўна-хрысціянскую супольнасць. У Еўропе Рэфармацыя вызвала сацыяльныя і міжканфесійныя канфлікты, што прывяло да даволі масавага прытоку на больш спакойныя ў гэтым плане беларускія землі яўрэяў, эмігрантаў з ліку пратэстантаў. Адпаведна пачаў пашырацца іудаізм.

Другойзначнай этнаканфесійнай групай былі татары, якія пачалі перасяляцца на землі Беларусі з XIV ст. Адпаведна на гэтых землях пачаў распаўсюджвацца і іслам. Але асноўны напрамак міжканфесійных зносін усё ж вызначаўся хрысціянствам, якое падзялілася ў гэты час на католікаў, праваслаўных і пратэстантаў, пераважна кальвіністаў.

У другой палове ХVI ст. акрамя кальвіністаў, на землях Беларусі пачаў праяўляцца і больш радыкальны накірунак Рэфармацыі – антытрынітарыі або “арыяне”, якія выступілі супраць асноўнага дагмата царквы аб трыядзе айца, сына і святога духа, заклікалі да ўсеагульнай роўнасці. У часы рэфармацыі і контррэфармацыі у Беларусі існавалі самыя розныя рэлігійныя аб’яднанні: каталіцкі ордэн іезуітаў і інш, праваслаўныя брацтвы, пратэстансцкія абшчыны і ордэны кальвіністаў, арыян, базыльян, канфесіі нацыянальных меншасцяў. Але адносіны паміж імі будаваліся ў асноўным у русле рэлігійна-філасофскай палемікі, не даходзілі да вострых міжканфесійных канфліктаў. У 1596 г. ў Бярэсці на агульным каталіцка-праваслаўным саборы была заключана царкоўная ўнія, асноўная сутнасць якой была пабудавана на кампрамісу: праваслаўная царква прызнавала вяршэнства Папы Рымскага, але ў асноўным захоўвалася праваслаўная літургія і царкоўныя дагматы.Унія ўводзілася рознымі мерамі: і мірнымі, і гвалтоўнымі. Да канца ХVIII ст. ў уніяцкую веру перайшлі 75% насельніцтва беларускіх зямель. Адраджэнне, Рэфармацыя і контррэфармацыя, шматканфесійнасць, агульная эканамічная і палітычная абстаноўка аказалі ўплыў і на літаратуру, перш за ўсё публіцыстычную, і на выяўленчае мастацтва, і на адукацыю, і на развіццё матэрыяльнай культуры.

Адукацыя развівалася галоўным чынам з дапамогай рэлігійных аб’яднанняў. У буйных беларускіх гарадах былі адкрыты езуіцкія каталіцкія калегіумы, брацкія праваслаўныя школы, пасля заключэння Брэсцкай царкоўнай уніі – уніяцкія, галоўным чынам базыліянскія, школы. У 1579 г. езуіты заснавалі Віленскую акадэмію – першую ў ВКЛ вышэйшую акадэмію. Пад уплывам Адраджэння у школах і акадэміі, акрамя тэалагічных прадметаў, больш увагі сталі ўдзяляць граматыцы, рыторыцы, геаграфіі, астраноміі, фізіцы, матэматыцы.

У эпоху Асветніцтва свецкі напрамак у адукацыі яшчэ больш узмацніўся. Гэта выразілася ў школьнай рэформе, якая была ажыццёўлена заснаванай ў 1773 г. Адукацыйнай камісіяй- першай ў Еўропе цэнтралізаванай свецкай установай па кіраўніцтву асветай. У яе падначаленне перайшлі навучальныя ўстановы езуіцкага ордэна, таксама былі дадаткова створаны акруговыя і падакруговыя школы.

Навучэнне ў іх насіла ў асноўным свецкі характар, тэалогія была зведзена да мінімуму. Ніжэйшай ступенню адукацыі сталі парафіяльныя школы. У выніку рэформы павялічылася колькасць навучальных устаноў, навучанне набыло больш свецкі характар. У пачатку ХIX ст. у Беларусі існавала каля 130 пачатковых школ, 33 сярэднія і няпоўныя сярэднія школы, каля 40 школ розных ордэнаў, а таксама яўрэйскія рэлігійныя школы. У іх навучалася каля 4 тысяч чалавек. Пры ўсёй адноснай нязначнасці гэтага ліку навучэнцаў усё ж гэта быў значны крок наперад у навучанні моладзі ў параўнанні з папярэднімі стагоддзямі.

Развівалася навука. Далёка за межамі бацькаўшчыны быў вядомы выдатны вучоны першай паловы XVII стагоддзя Казімір Семяновіч. У яго кнізе “Вялікае майстэрства артылерыі”, якая выйшла ў 1650 г. у Амстэрдаме, былі выказаны новыя ідэі ў ваеннай справе, нават ў галіне ракетнай тэхнікі. Адным з вядомых астраномаў быў рэктар галоўнай Літоўскай школы, дырэктар Віленскай абсерваторыі Марцін Пачобут-Адляніцкі. У гістарычнай навуцы вызначыўся Альберт Каяловіч, які напісаў “Гісторыю Літвы”. Вялікі ўплыў на фармаванне рацыянальнага светапогляду сучаснікаў аказаў вучоны, філосаф, грамадскі дзеяч Казімір Лышчынскі, які быў спалены на кастры за атэістычныя погляды, выказаныя ў трактаце “Аб неіснаванні Бога”.

У Новы час больш разнабаковай стала літаратура. Складаныя міжканфесійныя адносіны, падрыхтоўка і правядзенне царкоўнай уніі спарадзілі багатую палемічную публіцыстыку. Гэта мемуарна-публіцыстычная літаратура (“Фрынас” М. Сматрыцкага, “Дыяруш” А. Філіповіча, “Допісы” Ф. Кміты-Чарнобыльскага, “Дзённік Ф.Еўлашэўскага);палемічныя пропаведзі С. Зізанія, І. Пацея; свецкіяпрамовы Хадкевіча, Сапегі, парадыйна сатырычныя творы (“Прамова Мялешкі”, Ліст да Абуховіча). Як бачна, у сувязі з слабым развіццём у параўнанні з Захадам буржуазных адносін носьбітамі ідэй Асветы на Беларусі былі не буржуазія, а шляхта і святары.

Традыцыйнае летапісанне набывае формы гісторыка- літаратурных мастацкіх твораў, носіць рэгіянальны характар. Арыгінальным помнікам такой літаратуры з’яўляецца “Баркулабаўская хроніка”, напісаная ў сярэдзіне XVII стагоддзя.

У гэты час развіваецца паэзія як самастойны від літаратурнай творчасці. Яна звязана перш за ўсё з іменем Сімяёна Полацкага і яго зборнікамі паэзіі “Рыфмаліён” і “Вертаград шматколерны”. Значны след у развіцці літаратуры аставіў таксама таленавіты педагог, паэт Мацей Казімір Сарбеўскі. Шмат зрабіў у галіне асветніцтва Ілля Капіевіч.

Новай з’явай ў культурным жыцці Беларусі стала з’яўленне тэатра. Пачаткам былі школьные тэатры, дзе ставіліся звычайна п’есы маральна- этычнага характару і на рэлігійныя тэмы. Спачаткубіблейскія сюжэты пераважалі і ў народным лялечным тэатры “батлейка”, які ўзнік з ХVI стагоддзя. Затым іх змянілі бытавыя гумарыстычныя сцэнкі. У другой палове ХVIII стагоддзя значнае развіццё атрымалі прыгонныя тэатры, якія ствараліся ў маёнтках буйных феадалаў. Найбольш вядомымі былі тэатры Агінскага ў Слоніме, Несвіжскі тэатр Радзівілаў, дзе ставіліся галоўным чынам аўтарскія п’есы Францішкі Уршулі Радзівіл, тэатры ў Шклове, Слуцку, Магілёве і інш. Для кіраўніцтва імі і навучання артыстаў нярэдка запрашаліся прафесійныя настаўнікі з Заходняй Еўропы. У ХVIII ст. атрымалі распаўсюджанне прыгонныя аркестры, капэлы, якімі таксама кіравалі прафесійныя капельмайстры. Існавалі музычныя школы, ствараліся новыя музычныя творы. Шырокую вядомасць у канцы ХVIII-пачатку ХIX стст. атрымаў кампазітар Міхал Клеафас Агінскі.

У выяўленчым мастацтве адчуваўся заходнееўрапейскі ўплыў, які спалучаўся з мясцовымі самабытнымі рысамі. Як і раней, развіваўся іконапіс, але ў XVII стагоддзі ў культавым мастацтве пачалі адрозніваць тры жывапісныя школы: магілёўскую, віцебскую і палескую. Найбольш прыбліжанай да заходнееўрапейскага мастацтва была магілёўская школа. У сюжэтах з’яўляюцца элементы пейзажу, партрэта. Найбольш яскрава мясцовыя самабытныя рысы прагледжваюцца ў іконе “Нараджэнне Марыі”, якую намаляваў Пётр Яўсяевіч з Галынца. Рэалізм і ўплыў барока характэрны для манументальных роспісаў ў храмах. Свецкі напрамак ў жывапісу прадстаўлены парадным, або так званым сармацкім партрэтам. На мяжы ХVIII і ХIX стст. жанры жывапісу пашыраюцца: з’яўляецца сюжэтны(гістарычны,батальны), пейзаж.

Скульптура XVII-ХVIII стст. развівалася ў стылі барока. Найбольш распаўсюджанымі былі выявы святых, але ў эпоху асветніцтва пашыралася і свецкая скульптура. Стыль бакрока пераважаў і ў архітэктуры. Найбольш раннім помнікам барока стаў езуіцкі касцёл у Несвіжы (архітэктар Дж. М. Бернардоні). Прадаўжалася будаўніцтва замкаў, хаця яны і страцілі свае абарончыя функцыі. Спалучэнне стыляў барока і класіцызма назіраецца ў Несвіжскім замку. Асаблівасцю беларускай архітэктуры XVII-ХVIII стст. стала так званае віленскае барока, сфармаваная на мясцовых традыцыях.

Развівалася дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, перш за ўсё мастацкая разьба па дрэву, ткацтва. Шырока вядомымі сталі слуцкія шаўковыя паясы.

Такім чынам, у культуры Беларусі перыяду Рэчы Паспалітай мы бачым самыя розныя накірункі.

21. Этапы і змест палітыкі расійскага ўрада на тэрыторыі Беларусі ў к. XVIII – першай палове XIX стст

– Конец работы –

Эта тема принадлежит разделу:

Прадмет, значэнне і мэты курса Гісторыя Беларусі. Крыніцы па гісторыі Беларусі

Прадмет і задачы курса Гісторыя Беларусі кантэксце сусветнай цывілізацыі... Што сабой уя ляе гісторыя як навука Вытокі гісторыі адносяцца да старажытных... Прадметам гісторыі Беларусі з я ляецца вывучэнне асаблівасцей і заканамернасцей развіцця беларускага этнасу розных...

Если Вам нужно дополнительный материал на эту тему, или Вы не нашли то, что искали, рекомендуем воспользоваться поиском по нашей базе работ: Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў XVII – XVIII стст.

Что будем делать с полученным материалом:

Если этот материал оказался полезным ля Вас, Вы можете сохранить его на свою страничку в социальных сетях:

Все темы данного раздела:

Крыніцы і гістарыяграфія
Існуе думка, што гісторыя – гэта не навука, а хутчэй “палітыка, звернутая ў мінулае”. Сапраўды, ці могуць нашы веды аб мінулым быць аб’ектыўнымі і дакладнымі. Канешне, на ацэнку тых ці іншых гіс

Перыядызацыя курса
Гісторыя Беларусі падзяляецца на пэўныя перыяды. Тым не менш існуе праблема яе перыядызацыі. Яна вынікае перш за ўсё з вызначэння крытэрыяў, па якіх трэба вылучаць тыя ці іншыя этапы ў развіцці

Першабытн. грамадства як агульны этап у гісторыі чалавецтва. Каменны век на тэр. Беларусі
Гісторыя пачынаецца са з’яўленнем першага чалавека. На сёняшні дзень існуе шмат тэорый наконт таго, дзе і як адбылася гэта падзея. Многія з іх не маюць пад сабой ніякага навуковага абгрунтавання

Бронзавы век на Беларусі. З’яўленне індаеўрапейцаў і “Вялікае перасяленне народаў”. Балты на тэр. Беларусі
У канцы трэцяга – пачатку другога тысячагоддзя да н.э. пачынаецца новы перыяд, які атрымаў назву бронзавага веку. Ён доўжыўся да пачатку першага тысячагоддзя да н.э. Сваю назву гэты перыяд атрым

Жалезны век на тэрыторыі Беларусі. Паходжанне славян і славянская каланізацыя Беларусі
Пачатак I тысячагоддзя да н.э. (VIII – VII стст. да н. э.) з’яўляецца пачаткам жалезнага веку, які доўжыўся да VIII ст. н. э. Жалезны век падзяляюць на дзве часткі: ранні жалезны век (VIII – VII

Сацыяльна-эканамічнае развіццё першых дзяржаў-княстваў
Галоўнымі галінамі гаспадаркі на беларускіх землях у Х – ХШ стст. былі земляробства і жывёлагадоўля. Асноўнымі прыладамі апрацоўкі глебы ў гэты час з’яўляліся саха і рала, а распаўсюджанымі сель

Феадальная раздробленасць. Барацьба з крыжацкай агрэсіяй і набегамі татара-манголаў
Пасля смерці Усяслава Чарадзея Полацкае княства было падзелена на шэраг удзельных княстваў. У канцы ХІ – першай палове ХІІ стст. узніклі Менскае, Віцебскае, Друцкае, Лагойскае і іншыя княствы. У

Дзяржаўны і грамадскі лад ВКЛ. Сацыяльна-эканамічн. развіцце беларускіх зямель ў складзе ВКЛ
У кіраўніцтве дзяржавай вялікі князь абапіраўся на двухпалатны дарадчы орган: вялікакняжацкую раду (паны-рада) і сойм (сход прадстаўнікоў шляхты, магнатаў, службовых асоб). У склад паноў-рады ўв

Асноўныя накірункі знешняй палітыкі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага
Знешнепалітычнае становішча ВКЛ было даволі складаным. З канца ХІІІ стагодзя па 1410 год крыжаносцы больш 140 разоў здзяйснялі набегі на Літву і Беларусь, руйнуючы землі Панямоння і Падзвіння. З

Канцэпцыі паходжання беларусаў. Развіццё беларускага этнасу
Існуе некалькі канцэпцый этнагенезу беларусаў. У к. ХХ ст. ўзнікла тэорыя, згодня з якой узнікненне беларускага этнасу тлумачыцца славяна-балцкім сінтэзам, інакш кажучы, балты с

Рэлігійныя адносіны ў Рэчы Паспалітай. Брэсцкая царкоўная ўнія і яе вынікі для Беларусі
Палітычная сітуацыя і сацыяльныя адносіны у РП у значнай ступені былі абумоўлены рэлігійнымі абставінамі. У XVI стагоддзі ў Еўропе шырока разгарнуўся рэфармацыйны рух. У выніку я

Люблінская унія 1569 года. Утварэнне Рэчы Паспалітай і яе палітычны лад
Перыяд уваходжання беларускіх зямель у склад Рэчы Паспалітай ахоплівае больш за 200 гадоў, што складае пятую частку пісьмова вядомай гісторыі Беларусі. Адзіная дзяржава ВКЛ і Пол

Беларусь у вайне 1812 года. Грамадска-палітычны рух у першай палове XIX стагоддзя
У канцы ХVIII ст. у Францыі да ўлады прыйшоў Напалеон Банапарт, які абвясціў сябе імператарам і падпарадкаваў амаль усю Еўропу. Каб спыніць французскую агрэсію і распаўсюджанне рэвалюцыі, буйней

Сацыяльна эканамічнае развіццё беларускіх зямель у першай палове XIX стагоддзя
У канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. галоўнымі ўласнікамі капіталаў у Беларусі былі памешчыкі. Яны імкнуліся пашыраць свае даходы, таму стваралі у сваіх маёнтках розныя прамысловыя прадпрыемств

Адмена прыгоннага права і буржуазныя рэформы другой паловы XIX стагоддзя
У сяр. 19-га ст. Расійская імперыя перажывала глыбокі сістэмны крызіс – эканамічны, ваенны, палітычны. Далейшае развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці пры захаванні прыгонных адносін стала

Развіццё капіталізма ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці
У 60 – 70-я гады XIX стагоддзя у памешчыцкай гаспадарцы была ўстаноўлена пераходная форма гаспадарання – “адпрацовачная сістэма”, якая злучала рысы феадальнай і капіталістычнай сістэм. Яе сутнас

Фарміраванне беларускай нацыі. 1-я сусветная вайна і Беларусь
У другой палове XIX стагоддзя працягвалася фарміраванне беларускай нацыі, хаця гэты працэс ішоў даволі складана з-за этнічнай рознастайнасці насельніцтва, адрозненняў у рэлігіі. Тым не менш усё

Абвастрэнне сацыяльных супярэчнасцей
Цяжкія умовы жыцця сялян і рабочых, адсутнасць палітычных свабод і немагчымасць змяніць да лепшага іх жыццё легальнымі сродкамі заканамерна вялі да ўзнікнення падпольных рэвалюцыйных арганізацый

Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года і нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі. Першы Усебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) і яго рашэнні
Узброенае паўстанне, узнятае бальшавікамі 25 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе, паклала пачатак новаму этапу рэвалюцыі ў Расіі. Часовы ўрад і яго адміністрацыя на месцах пасля звяржэння царска

Самавызначэнне Беларусі на савецкай аснове. Утварэнне ССРБ і ЛітБел
10 снежня 1918 года, пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі і дэнансацыі Брэсцкага дагавора германскія войскі пакінулі Мінск, які быў хутка заняты Чырвонай Арміяй. Але Савецкі ўрад не спяшаўс

БССР у гады новай эканамічнай палітыкі
Першая сусветная вайна, грамадзянская вайна, польская інтэрвенцыя,пасляваенная разруха выклікалі палітычны і эканамічны крызіс у БССР. Становішча пагаршалася ў сувязі з працягам палітыкі “ваенна

Палітыка беларусізацыі, яе асноўныя напрамкі і вынікі
Назву “беларусізацыя” атрымала палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР, якая праводзілася КПБ(б) у перыяд з 1924 года да канца 1920-х гадоў. Пачатак дзяржаў

Асаблівасці правядзення індустрыялізацыі і калектывізацыі ў БССР
У к. ХІХ ст. на Захадзе пачалася другая хваля “прамысловай рэвалюцыі”, узнікла канвеерная вытворчасць (так званы “фардызм”, які з’явіўся спачатку ў ЗША). У СССР у 20-я гады ХХ ст. назіраліся пэў

Усталяванне камандна-адміністратыўнай сістэмы ў СССР, у тым ліку і ў БССР
Асноўныя падзеі грамадска-палітычнага жыцця БССР у канцы 20-х – 30-я гг. ХХ стагоддзя былі звязаны са спыненнем новай эканамічнай палітыкі і беларусізацыі, разгортваннем палітычных рэпрэсій і аб

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі. Эвакуацыйныя мерапрыемствы
Раніцай 22 чэрвеня 1941 года германскія войскі ўварваліся ў межы СССР на ўсім працягу заходняй мяжы ад Балтыкі да Карпат. Пачалася вайна, якая нашмат пераўзыходзіла ўсе папярэднія па маштабах ба

Акупацыйны рэжым, яго формы і метады
Да пачатку верасня 1941 годса на ўсёй тэрыторыі Беларусі быў усталяваны акупацыйны рэжым, які працягваўся тры гады, да вызвалення рэспублікі ў 1944 годзе падчас аперацыі "Баграціён". П

Барацьба супраць нацысцкай Германіі на акупіраванай тэрыторыі
З першых дзён вайны на акупіраванай тэрыторыі разгарнулася масавая антыфашысцкая барацьба. Найбольш яркімі яе праявамі сталі партызанскі і падпольны рух. СССР уступіў у вайну неп

Аперацыя «Баграціён». Вызваленне тэрыторыі БССР
Вызваленне тэрыторыі Беларусі пачалося у выніку наступлення Чырвонай Арміі пасля перамогі пад Курскам. У час бітвы за Днепр (жнівень-снежань 1943 г.) 23 верасня 1943 года быў вызвалены першы раё

Распад СССР. Абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь
1990 год стаў пераломным, лёсавызначальным годам у гісторыі Савецкай дзяржавы. Гэта было звязана са значнымі пераменамі ў палітычнай гісторыі СССР. У сакавіку 1990 года нечарговы Трэці з’езд нар

Грамадска-палітычнае развіццё Рэспублікі Беларусь у другой палове 1990-х гг. – пач. XXI ст.
Стварэнне ў 1991 г. суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь выклікала неабходнасць афармлення яе нацыянальнай дзяржаўнасці. Перш за ўсё патрабавалася стварыць такую мадэль дзяржаўнага ладу, як

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь
3 ліквідацыяй СССР і стварэннем суверэнных дзяржаў рыначныя рэформы ўступілі ў новую фазу. Яны пачалі праводзіцца па заходніх рэцэптах, у першую чаргу, па рэцэптах “шокавай тэрапіі” Міжнароднага

Хотите получать на электронную почту самые свежие новости?
Education Insider Sample
Подпишитесь на Нашу рассылку
Наша политика приватности обеспечивает 100% безопасность и анонимность Ваших E-Mail
Реклама
Соответствующий теме материал
  • Похожее
  • Популярное
  • Облако тегов
  • Здесь
  • Временно
  • Пусто
Теги